навіны

Беларусы разлічваюць на дапамогу Украіны ў справе арышту Лукашэнкі

Павел Латушка. Крыніца: zahidfront.com.ua
Павел Латушка. Крыніца: zahidfront.com.ua
podpis źródła zdjęcia

Беларусы разлічваюць на падтрымку ўкраінскага ўрада ў працэсе прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя злачынствы. З такой заявай выступіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка.

Інтэрв’ю з палітыкам было апублікаванае ў выданні «Західний фронт». У ім Павел Латушка падзяліўся бачаннем ролі Украіны ў прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці.

«З 1 студзеня 2025 года Украіна стала членам Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Гэта адкрывае магчымасць падтрымаць ініцыятыву Літвы па выдачы ордара на арышт Лукашэнкі. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасці, ваенных злачынствах, незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей і іх прымусовай індактрынацыі. Дыктатар павінен панесці адказнасць за агрэсію, у тым ліку падтрымку вайны Расеі супраць Украіны», – прыводзіць выданне словы Паўла Латушкі.

На думку палітыка, злачынствы, здзейсненыя Аляксандрам Лукашэнкам, патрабуюць прававой рэакцыі, і беларускія дэмакратычныя сілы маюць намер дамагацца правасуддзя.

Павел Латушка лічыць, што ордар на арышт Лукашэнкі стане магутным сігналам для ягонага атачэння: эліты павінны абраць – падтрымліваць дыктатара або павярнуцца да беларускага народа, што можа запусціць працэсы змен унутры краіны. І ў гэтым працэсе беларускія дэмсілы разлічваюць на падтрымку ўкраінскага ўрада, адзначыў кіраўнік НАУ.

Нагадаем, што Украіна стала 125-й дзяржавай-удзельніцай Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) і з 1 студзеня 2025 года атрымлівае такія ж правы, як і іншыя дзяржавы, то бок становіцца паўнапраўным чальцом МКС, у тым ліку можа ўдзельнічаць у выбарах, прапаноўваць папраўкі і г.д.

Міжнародны крымінальны суд (МКС) 17 сакавіка 2023 года выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, абвінаваціўшы яго ў ваенных злачынствах, звязаных з прымусовай дэпартацыяй украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею. Таксама ордар быў выдадзены супраць Марыі Львовай-Бяловай, упаўнаважанай па правах дзіцяці ў Расеі. Гэта першы выпадак, калі МКС выдаў ордар на арышт кіраўніка дзяржавы, якая з'яўляецца пастаянным чальцом Рады Бяспекі ААН. Ордар мае юрыдычную сілу ў краінах, якія ратыфікавалі Рымскі статут, але Расея не прызнае юрысдыкцыю МКС і адмаўляе ўсе абвінавачанні.

30 верасня ўрад Літвы пры падтрыманні беларускіх дэмакратычных сілаў перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра «трансмежныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Лукашэнкам і ягонымі суўдзельнікамі ў дачыненні беларусаў». Вільня патлумачыла свой крок тым, што больш не можа бяздзеяць. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, што ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы ў прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў МКС.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10