Двое суддзяў Вярхоўнага суда былі забітыя ў Тэгеране ў суботу 18 студзеня каля будынку гэтага самага суда, паведамляе мясцовая агенцыя IRNA. Яшчэ адзін суддзя паранены.
Імёны забітых суддзяў: Мухамэд Магісэ і Алі Разіні. Суддзя Міры і ягоны целаахоўнік атрымалі раненні.
Мужчына, які страляў, скончыў жыццё самагубствам. Паводле папярэдніх звестак, на стралка не было справаў у Вярхоўным судзе і ён не быў наведвальнікам суда.
Пра забітых суддзяў вядома, што яны займаліся справамі падазраваных у тэрарызме і шпіянажы. Іранская служба радыё «Свабода» зазначае, што Магісэ вёў справы шмат якіх палітзняволеных, быў пад санкцыямі ЗША і Еўразвязу, уважаецца датычным да парушэння правоў чалавека ў Іране.
Разіні ў 1998 годзе, калі быў галоўным суддзём Тэгерану, перажыў замах на жыццё: у ягоны аўтамабіль была закладзеная бомба.
Іранскія ўлады назвалі забойства суддзяў тэрактам.
Марыя Міхалевіч belsat.eu