навіны

Беларуская эканоміка вырасла на 4 % за 2024 год

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пакупнік ідзе праз Камароўскі рынак у Менску, Беларусь. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Adam Berry / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пакупнік ідзе праз Камароўскі рынак у Менску, Беларусь. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Adam Berry / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Беларуская эканоміка вырасла на 4 % па выніках 2024 года, паведамляе Белстат. Паглядзелі, якія галіны раслі хутчэй за ўсё і што прагназавалі Беларусі на 2024 год.

Эканоміка пачала больш актыўна расці ў снежні, паколькі ВУП за студзень – лістапад у параўнанні з тым жа перыядам 2023 года вырас на 3,9 %, а за ўвесь год – ужо на 4 % да 2023 года. Гадавы аб'ём ВУП склаў 246,6 млрд. рублёў.


Таксама Белстат ужо падзяліўся гадавымі дадзенымі па асноўных галінах: прамысловасць, унутраны гандаль і грамадскае харчаванне, транспарт і сельская гаспадарка. Сярод іх хутчэй за ўсё ў 2024 годзе раслі раздробны гандаль і грамадскае харчаванне.


Жанчына гандлюе харчамі на вуліцы ў Менску. 24 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor/Getty Images
ВУП – уніз, цэны – угару, грошай – меней: прагноз налета ад BEROC Аналітыка

Беларусы актыўна закупаюцца – раздробны таваразварот вырас на 11,8% у параўнанні з 2023 годам і склаў 90,1 млрд. рублёў. Больш, чым у мінулым годзе наведваюць страўні, рэстараны і кавярні – таваразварот грамадскага харчавання павялічыўся на 10,6% дасягнуў 6,2 млрд. рублёў.


За адзін дзень беларус у сярэднім пакідаў у краме 26,8 рубля, тады як у 2023 годзе – 23 рублі.


Гуртавы таваразварот павялічваўся не такімі хуткімі тэмпамі – вырас толькі на 2,6 % у параўнанні з 2023 годам і дасягнуў 181,5 млрд. рублёў. 


Прамысловай прадукцыі у краіне выпрадукавалі на 5,4 % больш, чым годам раней – на 202,4 млрд. рублёў. Найбольш паспяховымі апынуліся апрацоўчая прамысловасць (+5,5 %) і забеспячэнне электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыяніраваным паветрам (+5,5 %). Горназдабыўная прамысловасць вырасла на 3,6%, а водазабеспячэнне; збор, апрацоўка і выдаленне адходаў, дзейнасць па ліквідацыі забруджванняў – усяго на 0,2 %.


Больш сціплыя вынікі ў сельскай гаспадарцы – вытворчасць прадукцыі вырасла на 3,4 % за год да 36,3 млрд. рублёў. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Эканамічныя вынікі года: усё выратаваў спажывецкі бум беларусаў Аналітыка

Добра спрацавала і транспартная галіна. Больш перавезлі і грузаў, і пасажыраў (ці на больш далёкую адлегласць). Пасажыразварот павялічыўся на 9,1 %, а грузазварот – на 1,5 % да ўзроўню 2023 года. Паслугамі пасажырскага транспарту скарысталіся 1643 млн. чалавек, што на 4,6% больш, чым годам раней. 


Урад Беларусі планаваў рост эканомікі на 2024 год на ўзроўні 3,8 %. У выніку гэты паказчык апынуўся трохі вышэй.


МВФ у кастрычніку прагназаваў рост эканомікі Беларусі на ўзроўні 3,6 %. У гэтым жа дакладзе гаворыцца, што рост у 2025 годзе складзе 2,3 %.


Эксперты BEROC у красавіку казалі пра рост эканомікі на 2,1 %, аднак адзначалі, што прагноз мае даволі вялікую развілку. Шмат нявызначанасці задавала ўнутраная эканамічная палітыка.


Увесну эксперты адзначалі, што рост ВУП павінен запаволіцца, паколькі дасягнуты столь вытворчых магутнасцяў, а становішча бізнесу пагоршылася з-за жорсткага рэгулявання коштаў.


Затым ВУП пачаў моцна разганяцца за кошт росту крэдытавання і рэальных заробкаў. Заробкі ў студзені – лістападзе выраслі на 12,9 % да адпаведнага перыяду 2023 года.


У снежні 2024 года BEROC адзначаў, што ВУП можа апынуцца ніжэй за 3,9 % на фоне таго, што Аляксандр Лукашэнка заявіў аб магчымым скарачэнні здабычы калію на 10 – 11 %.


На 2025 год BEROC прагназуе 1,7 % росту ВУП.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10