Напачатку года Украіна спыніла транзіт расейскага газу ў Еўропу праз сваю тэрыторыю, у выніку чаго ў Малдове і Прыднястроўі пачаўся энергетычны крызіс. Малдова знайшла альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энергарэсурсаў, а вось Прыднястроўе самастойна даць рады з крызісам не ў стане. «Украіна і Малдова пакінулі Прыднястроўе замярзаць» – так гэта прадстаўляюць гледачу прапагандысты Дзмітрый Кісялёў і Мікіта Кандратаў. Расея не можа пастаўляць газ іншымі шляхамі.
Сітуацыю, у якой апынулася непрызнаная рэспубліка, тэлеканал «Расея 1», апісвае як сюжэт фільма пра апакаліпсіс. Газу няма, святла няма, цяпла няма, прамысловасць спыненая, у рэгіёне ўведзены рэжым надзвычайнага становішча.
,,«Без газу, цяпла, гарачай вады. Ёсць і веерныя адключэння святла. Згасаюць на пяць гадзін вёскі і раёны гарадоў. З Кішынёва ў Маскву ляцяць толькі абвінавачванні, а ў Тыраспаль — прапановы памерці альбо ад холаду, альбо ад голаду», – кажа карэспандэнт «Расея 1» Мікіта Кандратаў.
Так, Украіна сапраўды адмовілася працягваць кантракт з Расеяй на транзіт расейскага газу праз сваю тэрыторыю. Сапраўды, транзіт расейскага газу ў Прыднястроўе ішоў праз тэрыторыю Украіны, якая, нягледзячы на вайну, выконвала ўсе ўмовы кантракту з «Газпрамам», але не стала яго падаўжаць, калі тэрмін скончыўся. Аднак у Расеі заставалася магчымасць перанакіраваць газ у Малдову праз «Турэцкую плынь». Але яна чамусьці гэтага не зрабіла.
Украіна ж, наадварот, прапанавала арганізаваць пастаўку вугалю ў Прыднястроўе. А Малдова адпраўляла ў Тыраспаль не прапановы памерці ад голаду ці ад холаду, як сказаў у сюжэце карэспандэнт «Вестак тыдня», а прапановы аб пераходзе з паставак расейскага газу на еўрапейскі. Пра гэта яшчэ ў снежні паведаміў кіраўнік кампаніі «Малдовагаз» Вадзім Чабан:
,,«АТ «Малдовагаз», сумесна з АТ «Энергаком», гатова аказаць садзейнічанне, уключаючы тэхнічную і камерцыйную падтрымку, ТАА «Тыраспальтрансгаз» у арганізацыі закупак прыроднага газу на любой еўрапейскай газавай платформе на рынкавых умовах для забеспячэння жыхароў левага берага Днястра энергарэсурсамі ў крызіснай сітуацыі, якая ўтварылася».
У канцы снежня Малдова нават правяла тэст імпарту газу праз Трансбалканскі газаправод. Тыраспаль, аднак, нягледзячы на гучныя заявы аб крызісе і абвінавачванні ў адрас Кіева і Кішынёва, ад усіх прапанаваных варыянтаў дапамогі адмовіўся. Там заявілі, што працягнуць чакаць паставак расейскага газу.
Таксама ў новым выданні «Лукавых новостей»:
- «Першый канал» зноў схлусіў. Гэтым разам пра Ілона Маска і нямецкага палітыка
- Грамадская палата Расеі адхрышчваецца ад свайго прадстаўніка, які абразіў Аліева