Выбары на прыцэле. Пагроза Лукашэнку ці фантазія генералаў? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Генералы Лукашэнкі пужаюць добраахвотнікамі, войскам і правакацыямі. Падрабязней у праграме «ПраСвет».

Лукашэнка прызначыў новых амбасадараў

Сакрэт падбору дыпламатаўЗамежная палітыка Рэспублікі Беларусь перажывае не найлепшы час. Захад для айчынных дыпламатаў збольшага закрыты, а тыя дзяржавы, куды яшчэ могуць паехаць амбасадары Лукашэнкі, невялікі. Зрэшты, апошнія прызначэнні паслоў у постсавецкія дзяржавы, а таксама на Кубу, у Ізраіль і Турэччыну толькі пацвярджаюць гэта. Чым кіруецца Аляксандр Лукашэнка пры выбары амбасадараў? Сюжэт Віталя Бабіна.


Генералы Лукашэнкі пужаюць добраахвотнікамі, войскам і правакацыямі

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і генерал-маёр Валер Равенка пужаюць беларусаў перад выбарамі. Маўляў, войска будзе назіраць за парадкам у той час, калі суседнія дзяржавы нібыта рыхтуюць правакацыі з удзелам беларускіх добраахвотнікаў. Чаму генералы нагнятаюць атмасферу перад імітацыяй выбараў? Адказы – у новай аўтарскай рубрыцы Змітра Міцкевіча ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою.

Пра полк Каліноўскага і выбары Лукашэнкі. Інтэрв'ю з чачэнскім лідарам

Што штурхнула Аляксандра Лукашэнку на датэрміновыя выбары? Пра гэта – у інтэрв’ю Алеся Сіліча з Ахмедам Закаевым, старшынём Кабінету Міністраў Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя (у выгнанні), які быў адным з асноўных камандзіраў чачэнскай арміі ў вайне супраць Расеі. Ахмед Закаеў таксама гаворыць пра ролі Святланы Ціханоўскай і палка Каліноўскага. Чачэнскі лідар прапаноўвае прагноз будучыні Расейскай Федэрацыі.

Ціханоўская наблізіла Лукашэнку да суда

Святлана Ціханоўская наведала з працоўным візітам Нідэрланды і на крок наблізіла Аляксандра Лукашэнку да Міжнароднага крымінальнага суда ў горадзе Гаага. Там яна сустрэлася з прэм’ер-міністрам, міністрам замежных справаў, прадстаўнікамі нідэрландскага грамадства. Краіна традыцыйна праводзіць актыўную палітыку ў дачыненні Беларусі, падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы, медыі і грамадства. Варта падкрэсліць таксама, што менавіта былы кіраўнік ураду Нідэрландаў цяпер выконвае функцыю генеральнага сакратара НАТО. Больш пра візіт Святланы Ціханоўскай – у сюжэце Насты Ільіной.

Доналд Трамп і мільярдэры ў Белым доме

20-га студзеня Доналд Трамп афіцыйна ўступае на пасаду прэзідэнта ЗША, другі раз у сваёй палітычнай кар’еры. Каманда, з якою Трамп вяртаецца ў Белы дом, ужо складзеная. Амаль дзясятак з гэтых асобаў – мільярдэры, у тым ліку Ілан Маск. Супраць апошняга ўжо выступілі некаторыя палітыкі. Што дэкларуюць дарадцы 47-га прэзідэнта ЗША, якія заданні перад (й)імі стаяць? Як гэткае кіраўніцтва адгукнецца на Беларусі і Украіне? Пра гэта наш наступны сюжэт.

Аляксандр Лукашэнка мяняў сваё меркаванне пра Доналда Трампа. Як ён ацэньваў прэзідэнта ЗША перад выбарамі і пасля ягонай перамогі?