Паводле звестак польскага боку, беларусы і ўкраінцы гандлявалі візамі праз падстаўную фірму. Кошт візы складаў каля 700 долараў на сям'ю.
У Польшчы затрымалі 30-гадовага беларуса Алега М., якога лічаць кіраўніком злачыннай групы для продажу візаў, паведамляе «Rzeczpospolita». Паводле версіі польскага боку, беларуска-ўкраінская падстаўная фірма гандлявала фіктыўнымі дакументамі для атрымання польскіх візаў, у тым ліку «Poland.Business Harbour» для айцішнікаў.
Алег М. жыў у Польшчы паводле дазволу на жыхарства з 2017 года. Група пад ягоным кіраўніцтвам увозіла замежнікаў у краіну ў 2022–2024 гадах.
«Візавыя цэнтры» месціліся ва Украіне і Беларусі, кліентаў шукалі праз Telegram. У Лодзі і Беластоку працавала шэсць такіх падстаўных кампаніяў, якія выпісвалі запрашэнні для гасцявых і адукацыйных візаў, а таксама візаў для IT-спецыялістаў праз праграму «Poland.Business Harbour». Злачынная групоўка прапаноўвала кліентам такія візы як «лёгкадаступныя», бо Польшча «не правярае заяўнікаў». Гэтай паслугай скарысталіся не менш за 30 чалавек, у асноўным беларусы. Дзе астатнія 80 тысяч «зніклых айцішнікаў», не паведамляецца.
Цікава, што спецслужбы выявілі гэтую схему выпадкова: адзін з яе кліентаў, які звяртаўся па польскую візу, сам падаў польскім консулам у Беларусі дакумент пра тое, што будзе ўладкаваны на працу ў адной з фірмаў у Лодзі. У консула ўзніклі сумневы, бо рэестр польскіх фірмаў KRS паказаў, што кампанія мёртвая (як і іншая, створаная пад такой жа назвай), і дыпламат паведаміў пра гэта ў Памежную ахову.
Паводле звестак, усяго такім чынам выдалі каля 1050 запрашэнняў, неабходных для атрымання гасцявых візаў. Асоба, якая іх выдавала, атрымлівала ад 100 да 150 злотых з чалавека, 200 злотых у выпадку «найму». Адзін з арганізатараў, які выдаў 843 дэкларацыі, зарабіў больш за 84 тысячы злотых. Паслуга афармлення візы «Poland.Business Harbour» каштавала 700 долараў на дваіх дарослых і дзіця. Акрамя таго, прадстаўнікі «візавай мафіі» інструктавалі заяўнікаў, што трэба казаць консулу.
Абвінавачанні ў справе атрымалі больш за сто чалавек, з іх арыштаваныя восем – гэта ўдзельнікі арганізаванай групы (большасць з іх грамадзяне Беларусі і Украіны). Яшчэ пяць – асобы, якія выдавалі пацверджанні рэзервацыі ў гостэлах, шэсць падазроных стварылі фіктыўныя фірмы, а 77 асобаў выдалі рознага кшталту запрашэнні (іх абвінавачваюць у спрыянні арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы).
Тэса Анэйда belsat.eu