навіны

Адвакаты забойцы беларускі Лізы пастанавілі абскарджваць прысуд

Адвакаты Дор’яна С., абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года
Адвакаты Дор’яна С., абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Абарона Дор'яна С., якому прызначылі пажыццёвае зняволенне за згвалтаванне і забойства беларускі Лізы, заявіла, што будзе абскарджваць гэты вырак, перадае карэспандэнт «Белсату».

Адвакаты Дор'яна С. назвалі пажыццёвае зняволенне для яго вельмі суровым выракам і паабяцалі падаць апеляцыю:

,,

«Гэты працэс быў праведзены, можна сказаць, экспрэс-метадам, беспрэцэдэнтным ва ўмовах польскай судовай сістэмы, што мае быць заўважана. На наш погляд, пастанова суда заўчасная. Шэраг сумневаў абароны і шэраг доказаў не былі зняпраўджаныя падчас судовага разбору».


Абарона маладзёна напірае: не было даказана, што ён быў у стане свядомасці ў момант злачынства.


«Мы сцвярджаем, што гэты вырак заўчасны з увагі на сумневы вакол доказаў, неабходных для высвятлення стану абвінавачанага. Паспешлівасць суда прывяла да таго, што аргументы і сумневы абароны судом не прынятыя».

Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве Дор’ян С. у залі суда. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве Дор’ян С. у залі суда. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Падчас апошняга слова на папярэднім судовым паседжанні Дор'ян С. перапрасіў за забойства Лізы. Прадстаўніца грамадскага боку, што браў удзел у працэсе, адвакатка Фонду супраць гвалту Каміля Фэрэнц сказала журналістам, што перапрашэнне з вуснаў абвінавачанага ў злачынстве магло быць няшчырым: «Так, перапрашэнне было, імаверна, таму, што гэта тактыка абароны».


Адвакаты абвінавачанага запярэчылі:

,,

«Пакаянне немагчыма ацаніць. Кожная асоба выяўляе гэта па-свойму, індывідуальна. Пра гэта, падобна, агулам недарэчна казаць».


Чытайце таксама:
Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве Дор’ян С. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Забойцу беларускі Лізы далі пажыццёвае зняволенне

Падчас судовага разбору абарона фігуранта ставіла пад сумнеў высновы экспертаў, якія пастанавілі, што ён быў у стане свядомасці. Адвакаты прасілі пачаць новы працэс, а пасля адмовы ў гэтым – прызначыць абвінавачанаму больш мяккае пакаранне, чымся запатрабаванае пракуратураю.

17 студзеня Акруговы суд Варшавы прызнаў Дор'яна С. вінаватым у згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы і прызначыў яму пажыццёвае зняволенне, як і прасіла абвінавачанне. Акрамя таго, маладзёна абавязалі выплаціць пацярпеламу боку кампенсацыю 200 тысячаў злотых (каля 48 тысячаў долараў у пераліку).

Карэспандэнт «Белсату» перадаў, што хлопец Лізы Даніла даваць інтэрв'ю журналістам адмовіўся. Сказаў толькі, што лічыць прысуд справядлівым.

Дар’я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10