Са словаў таксістаў, на працы ім сказалі, што 26 студзеня, у дзень выбараў, могуць адключаць інтэрнэт.
Пра гэта «Нашай Ніве» расказалі таксісты з розных службаў. Выданне адзначае, што цяпер цяжка сказаць, канчатковае гэта рашэнне ўладаў ці нешта зменіцца ў залежнасці ад таго, ці будуць пратэсты.
Такім чынам улады ўсімі сіламі намагаюцца кантраляваць працэс выбараў і не дапусціць аніякіх нечаканасцяў. Напрыклад, 20 студзеня органы ўнутраных справаў і ўнутраныя войскі пераводзяцца на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Усе выбарчыя ўчасткі будуць узятыя пад кругладзённую ахову.
А каб напэўна «не дапусціць дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў перыяд выбараў», на дапамогу міліцыі адправяць добраахвотныя дружыны, ветэранаў органаў унутраных справаў і курсантаў ведамасных установаў адукацыі.
Акрамя таго, апошнімі днямі міліцыянты актыўна наведваюць арэндныя кватэры ў розных гарадах краіны: просяць паказаць дамову арэнды і цікавяцца, «што вы будзеце рабіць 26 студзеня».
Тэса Анэйда belsat.eu