навіны

У 2024 годзе Беларусь засталася ў лідарах сярод краінаў, дзе найчасцей пераследуюць журналістаў – CPJ

Андрэй Аляксандраў. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
img
podpis źródła zdjęcia

На 1 снежня 2024 года Беларусь займала чацвёрты радок у рэйтынгу краінаў, дзе найбольш актыўна пераследуюць журналістаў. Гэта вынікае з гадавога агляду Камітэту абароны журналістаў (CPJ), абнародаванага 16 студзеня.

Згодна з дакументам, другі год запар Беларусь у гэтым рэйтынгу ўзначальвае групу дзяржаваў у рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі.


Паводле CPJ, на пазначаную дату ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі быў 31 журналіст. Адзначым, што згодна з інфармацыяй Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 17 студзеня 2025 года ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі застаюцца 42 супрацоўнікі медыяў.


Горшая сітуацыя толькі ў Кітаі (там 50 зняволеных журналістаў), Ізраілі і акупаваных палестынскіх тэрыторыях (43, усе – палестынскія) і М’янме (35). Пасля Беларусі ў рэйтынгу ідуць Расея (30), Егіпет (17), В’етнам, Іран і Эрытрэя (па 16), Азербайджан (13).


Агульная колькасць журналістаў у няволі па ўсім свеце, як адзначае CPJ, на 1 снежня 2024 года – 361. Такім чынам, на згаданыя краіны прыпадала 78,4 % усіх журналістаў у няволі (283).


Нягледзячы на некалькі хваляў памілаванняў, якія закранулі ў тым ліку трох прадстаўнікоў прэсы, адзначаецца ў дакладзе CPJ, «беларускіх журналістаў увесь час пераследуюць, затрымліваюць і прыгаворваюць да гадоў зняволення, часцей за ўсё праз іхную працу ў медыях, якія ўлады залічваюць да “экстрэмісцкіх”».


Таксама вядома, што ў Сусветным індэксе свабоды прэсы ў 2024-м Беларусь заняла 167-е месца.


Нагадаем: на тэлеканале ОНТ ужо некалькі дзён паказваюць палітычных зняволеных, з якімі размаўлялі за кратамі. Сёння з'явіліся кадры з журналістам Ігарам Карнеем.


У аўторак, 14 студзеня, на дзяржаўным тэлеканале ОНТ выйшаў сюжэт пра журналіста радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка. У першай серыі прапагандысцкага фільму «Свабода слова» журналіст выглядае схуднелым і стомленым.


Яго затрымалі 25 лістапада 2021-га і засудзілі на 6 гадоў зняволення. Сюжэт з Андрэем запісваўся ў турэмных умовах, калі менавіта – сказаць цяжка.


У канцы сюжэту анансавалі інтэрв’ю з іншым журналістам «Свабоды», Ігарам Лосікам, засуджаным на 15 гадоў калоніі.


15 студзеня паказалі зняволенага Ігара Карнея. Журналіста, які доўгі час працаваў на радыё «Свабода», затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Спачатку яго арыштавалі паводле адміністратыўнай справы на 10 содняў. Але пасля заканчэння арышту перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» паводле ч. 3 арт. 361.1 КК за супрацу з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10