Цяпер у Берасці ў чарзе на выезд у Польшчу 1300 легкавікоў, хаця яшчэ 15 студзеня іх было болей за 2000. Але ўсё адно чакаць у чарзе даводзіцца доўга, больш за трое содняў.
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 12:00, у чарзе ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» – 1270 легкавых аўтамабіляў. Проста цяпер афармленне на мяжы пачынаюць тыя, хто зарэгістраваўся ў электроннай чарзе а 22:00 13 студзеня. Такім чынам, яны чакалі больш за трое содняў. У параўнанні з тым, што было надоечы, гэта ўжо палёгка. Апошнія дні колькасць аўтаў у чарзе перавышала 2000, а час чакання – чацвёра содняў.
У Тэрэспалі ў бок Беларусі – пуста. Як пішуць у Telegram-чатах, нават калі машыну накіроўваюць на рэнтген, мяжу мінаюць за гадзіну.
Палепшылася сітуацыя і з аўтобусамі. Іх у чарзе ў Берасці проста цяпер няма. Хаця ўначы былі затрымкі, час мінання мяжы складаў каля сямі гадзінаў. Прыкладна столькі ж часу патрабавалася і для начных аўтобусаў у Беларусь.
У двух пунктах пропуску на мяжы з Літвою няма ані аўтамабільных, ані аўтобусных чэргаў, сведчыць Памежны камітэт. Як пішуць у чатах, праз «Каменны Лог» у Літву трапляюць прыкладна за гадзіну, аўтобусам атрымоўваецца крыху даўжэй: каля дзвюх-трох гадзінаў.
Падобная сітуацыя і ў «Беняконях», толькі ўначы падарожнікі скардзіліся на марудную працу беларускіх службоўцаў, паводле паведамленняў у чатах, прапускалі адну машыну за гадзіну.
У «Грыгароўшчыне» на мяжы з Латвіяй таксама нікога няма.
Дарэчы, летась навагоднія чэргі на мяжы з Польшчаю, калі беларусы вярталіся ў ЕЗ пасля святаў, парадзелі да 11 студзеня, аднак тады ў Берасці збіралася максімум 240 легкавікоў.
На мяжы з Літвою ў чарзе ў «Каменным Лозе» было не больш за 100 аўтаў, у «Беняконях» – 160.
У «Грыгароўшчыне» на шляху ў Латвію чэргаў, можна лічыць, тады і не было: максімум 10 машынаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu