На выбары ў Беларусі запрасілі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.
Пра гэта паведамляе Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь у сваіх сацсетках. Паводле іх, запрашэнне было накіраванае ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ.
Раней, 9 студзеня, у супольнай заяве БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ выказвалася шкадаванне ў сувязі з пастановаю ўладаў Беларусі не запрашаць незалежных назіральнікаў. У заяве ўдакладнялася, што БДІПЧ прыкладала намаганні для ўзаемадзеяння з уладамі Рэспублікі Беларусь, але да дня выбараў заставалася «менш за тры тыдні» і БДІПЧ «не змагло ажыццявіць маніторынгу ключавых этапаў працэсу». На момант агучвання запрашэння, 17 студзеня, да выбараў заставалася дзевяць дзён.
Пасля выбараў 2020 года АБСЕ заклікала ўлады Беларусі правесці новыя выбары, а вынікі галасавання 9 жніўня ануляваць у сувязі з «парушэннямі на ўсіх этапах» выбарчага працэсу. У сувязі з выбарамі, якія адбудуцца 26 студзеня, АБСЕ заклікала да правядзення свабодных выбараў у Беларусі.
Нагадаем, ЦВК пагражае беларусам, што за фота ці відэа бюлетэня падчас выбараў яны будуць аштрафаваныя на суму да 630 рублёў. Таксама забаронена выносіць бюлетэнь з выбарчага ўчастку.
Надзея Вольная belsat.eu