Сямёра грамадзянаў Беларусі – пяцёра мужчынаў і дзве жанчыны – добраахвотна пайшлі з жыцця ў Грузіі ў перыяд з студзеня 2023 года да чэрвеня 2024-га.
На сайце МУС Грузіі з'явілася статыстыка самагубстваў за апошнія 7,5 года. «Позірк» праааналізаваў звесткі, і ў лічбах сумнай статыстыкі за апошнія некалькі гадоў знайшоў нямала беларусаў.
Высветлілася, што ў 2023 годзе жыццё самагубствам скончылі чацвёра беларусаў: мужчыны 27 і 31 года (абодва жылі ў Аджарыі), жанчыны 27 і 80 гадоў (жылі у Тбілісі і рэгіёне Самэгрэла). Акрамя таго, у Аджарыі спрабавала здзейсніць суіцыд 25-гадовая грамадзянка Беларусі.
У першай палове 2024-га ў Аджарыі здзейснілі суіцыд 32-гадовы і два 23-гадовыя мужчыны.
«Белсат» ужо пісаў пра тое, што становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. На дадатак да візавых пастак і прыняцця Закону аб замежных агентах цяпер – пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі – беларусам пачалі масава адмаўляць у прытулку. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі прызнае, што некаторыя «палітычныя» беларусы адпавядаюць крытэрам Жэнеўскай канвенцыі і закону Грузіі аб міжнароднай абароне, але пры гэтым адказвае, што перабыванне беларусаў на тэрыторыі Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны» – іх прызнаюць пагрозаю дзяржаўнай бяспецы. Але нават пасля гэтай адмовы шмат якія беларусы, калі б і хацелі з'ехаць, не могуць гэтага зрабіць: у іх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта або ім не даюць візы.
Толькі за апошнія некалькі месяцаў дакладна вядома пра 26 выпадкаў адмовы ў міжнароднай абароне.
Афіцыйная статыстыка гэтую інфармацыю пацвярджае. Паводле МУС Грузіі, па абарону з пачатку з'яўлення беларусаў у гэтай статыстыцы (2019 год) звярнуліся 73 асобы. Характэрна, што 32 з іх зрабілі гэта ў 2024-м. І сапраўды, пакуль ніводзін беларус, чыю справу ўжо разгледзелі, міжнароднай абароны ў Грузіі не атрымаў.
Цікава, што ў 2019–2022 гадах такія выпадкі былі адзінкавыя. У 2023-м і цягам першых двух кварталаў 2024-га адмоваў не было зусім. Затое ў трэцім квартале 2024-га – адразу 26 адмоваў.
Паводле мясцовых уладаў, цяпер у Грузіі застаюцца каля 12 тысяч грамадзянаў Беларусі. За апошнія два гады іх стала на 3 тысячы менш.
Надзея Вольная belsat.eu