навіны

Памёр Дэйвід Лінч

Дэйвід Лінч. Крыніца: facebook.com/davidlynchofficial
Дэйвід Лінч. Крыніца: facebook.com/davidlynchofficial
podpis źródła zdjęcia

Пра смерць 78-гадовага галівудскага рэжысёра паведамілі ягоныя сваякі.

«З глыбокім шкадаваннем мы, ягоная сям'я, паведамляем аб смерці чалавека і мастака Дэйвіда Лінча. Мы будзем удзячныя за пэўную прыватнасць у гэты час. Цяпер у свеце вялікая дзірка, калі яго больш няма з намі. Але, як ён казаў, «Глядзі на пончык, а не на дзірку». Гэта цудоўны дзень з залатым сонцам і блакітным небам на ўсім шляху», – напісалі ягоныя сваякі ў Фэйсбуку.


Дэйвід Лінч – адзін з найважнейшых класікаў аўтарскага кіно, лаўрэат «Оскара», «Залатой пальмавай галіны» і «Залатога льва». Масаваму гледачу Лінч вядомы як рэжысёр культавага серыялу «Твін Пікс», які выйшаў на пачатку 1990-х. У 2017 годзе Лінч зняў працяг серыялу «Твін Пікс: Вяртанне» – сваю апошнюю працу.


Сярод іншых вядомых работ Дэйвіда Лінча – «Малголэнд Драіў», «Чалавек-слон», «Сіні аксаміт», «Шаша ў нікуды».


У жніўні 2024 года рэжысёр распавядаў, што ў яго дыягнаставалі эмфізэму лёгкіх, і ён перастаў выходзіць з дому.


«У мяне эмфізэма ад доўгага палення, і таму я прыкуты да дому, падабаецца мне гэта ці не. Я не магу выйсці на вуліцу. І я магу прайсці толькі невялікую адлегласць, потым мне бракуе кіслароду», – сказаў «The Guardian» рэжысёр, адказваючы на ​​пытанне, ці хоча ён зноў здымаць фільмы.


Замест гэтага ён здымаў не менш сюррэалістычныя прагнозы надвор'я, адсылку да якіх і зрабілі сваякі ў паведамленні пра смерць рэжысёра.


Тэса Анэйда belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10