Беларусы ставяць на ногі дзяўчынку з ДЦП

Дзякуючы водгуку неабыякавых гледачоў праграмы «Беларус беларусу» былі сабраныя грошы для Лары.

Надоечы мы расказвалі вам гісторыю ўнучкі палітвязня Лары і ейнай сям’і.

Нагадаем, у Стася і Аляксандры трое дзетак. Сярэдняя дачка нарадзілася неданошанаю, а ў малодшай Лары праз памылку лекараў букет дыягназаў, сярод якіх ДЦП, пашкоджанне мозга. Лары неабходная аперацыя і сталая рэабілітацыя, а бацькам – псіхатэрапія.

Калі мы папярэдні раз прыязджалі да іх, дзяўчынка яшчэ была ў гарсэце, не магла роўна трымаць спінку, і тое, ці будзе яна хадзіць і размаўляць, было вялікай занепакоенасцю сям’і.

Дзякуючы водгуку неабыякавых гледачоў праграмы «Беларус беларусу» былі сабраныя 9000 злотых і дзве з паловаю тысячы долараў ахвяраванняў. З іх былі аплачаныя лекары, частка рэабілітацыі, новыя артэзы. Лара ўжо ў стане сядзець без гарсэту, нават зрабіла свае першыя няпэўныя крокі і ўзяла ў рукі лыжку. Прагрэс ёсць. Але гэта толькі частка шляху.

Мы ад усяго сэрца дзякуем усім, хто адгукнуўся, асабліва рэстаратару Раману і ягоным калегам, якія буйным пералікам закрылі адзін са збораў на патрэбы Лары.

Маленькую беларусачку чакае аперацыя на вочы, і цяпер сям’я марыць пра двухтыднёвую рэабілітацыю ў адмысловым санаторыі, а таксама пра некаторыя прылады для хатніх заняткаў з малечай.