На сакрэтных вучэннях французскіх сухапутных войскаў адпрацоўвалася адбіццё прарыву Расеі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. У манеўрах удзельнічалі больш як 3000 вайскоўцаў.
Францыя правяла сакрэтныя ваенныя вучэнні ў рамках падрыхтоўкі да патэнцыйнага ўводу сваіх войскаў на тэрыторыю Украіны, паведамляе DW са спасылкай на выданне «Intelligence Online».
Вучэнні «Persée» працягваліся 10 дзён восенню 2024 года на палігоне ў Францыі, у іх удзельнічалі каля 3200 вайскоўцаў з Сухапутных войскаў спецыяльнага прызначэння. Падчас манеўраў адпрацоўвалася адбіццё патэнцыйнага прарыву войскаў РФ ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.
Для вучэнняў выбралі тэрыторыю, якая нагадвала лукавіну ракі Дняпро на поўнач ад Кіева. Паводле «Intelligence Online», асноўнымі мэтамі вучэнняў былі адпрацоўка ўжывання беспілотнікаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Пры гэтым некаторыя ўдзельнікі «Persée» засталіся незадаволеныя адсутнасцю FPV-дронаў і выказвалі занепакоенасць адставаннем французскіх вытворцаў у распрацоўцы гэтага тыпу беспілотнікаў.
Нагадаем, што 13 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркаваў з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам французскую ініцыятыву размясціць ва Украіне замежныя вайсковыя кантынгенты ў якасці гарантыі бяспекі. Паводле ўкраінскага кіраўніка, бакі размаўлялі пра практычныя крокі рэалізацыі ідэі, магчымае пашырэнне і прыцягненне іншых краін да гэтай працы.
Раней Макрон заявіў, што Францыя можа правесці вайсковую аперацыю ва Украіне супраць Расеі, калі таго запатрабуюць абставіны. Паводле яго, французскі Генштаб рыхтуецца «да любых сцэнароў». І шмат «зусім не малых» краінаў Еўропы «падтрымліваюць лінію Францыі», дадаў ён. Таксама прэзідэнт Францыі плануе стварыць кааліцыю заходніх краінаў для адпраўкі вайсковых інструктараў ва Украіну.
Як пісаў Le Monde са спасылкай на надзейныя крыніцы, Вялікая Брытанія і Францыя не выключаюць, што могуць узначаліць кааліцыю дапамогі Украіне ва ўмовах вяртання ў Белы Дом Доналда Трампа. Сярод іншага абмяркоўваецца і магчымасць паслання ва Украіну заходніх войскаў.
Якуб Хруст belsat.eu