навіны

Як нявестка Лукашэнкі некалькі месяцаў агітуе за свёкра на народныя грошы

img
Ганна Лукашэнка, старшыня працоўнай групы па рыхтаванні і правядзенні «Марафону адзінства». Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Хоць агітацыйная кампанія на прэзідэнцкіх «выбарах» стартавала толькі пасля рэгістрацыі кандыдатаў, прыхільнікі аднаго з іх – Аляксандра Лукашэнкі – агітуюць за яго ўжо з верасня. Прычым за грошы, што маглі б пайсці на адукацыю і здароўе беларусаў. У дэмакратычных краінах кандыдатаў за такое здымаюць з выбараў. Падрабязнасці гэтага раскрылі журналісты «Бюро».

Як адзначаецца, Аляксандр Лукашэнка запусціў сваю прапагандысцкую кампанію нашмат раней за належны тэрмін, і дапамагае яму ў гэтым ягоная нявестка – Ганна Лукашэнка, якая з 2022 года мае ўласны медыяхолдынг «Музычная медыякампанія». Паводле журналістаў, менавіта перадвыбарная кампанія свёкра – «Марафон адзінства» – сталася для яе самым маштабным праектам. У межах гэтай акцыі беларускія артысты, прапагандысты і чыноўнікі раз’язджаюць па ўсёй краіне і нахвальваюць беларускі рэжым. Асаблівае месца ў гэтай кампаніі адведзенае папулярным онлайн-медыяперсонам.

«Марафон адзінства» 17 верасня 2024 года запусціў асабіста Лукашэнка. Пул з пралукашэнкаўскіх журналістаў, артыстаў і блогераў пастанавіў ахапіць паездкамі 13 гарадоў: Берасце, Баранавічы, Пінск, Ліду, Горадню, Салігорск, Гомель, Жлобін, Маладзечна, Бабруйск, Магілёў, Віцебск і Воршу. У кожным прадугледжаная двухдзённая праграма, што змяшчае разнастайныя імпрэзы і маштабныя канцэрты.

Акцэнт на блогераў

«Музычная медыякампанія» заявіла, што ў кожны горад накіроўваюцца ад 10 да 20 блогераў з агульным ахопам у 11 мільёнаў карыстальнікаў. Самай яскравай зоркаю «Марафону адзінства» можна назваць спевака і тэлевядоўцу Улада Кабякова – у яго 1,4 мільёна падпісчыкаў у «Інстаграме» і 7,6 мільёна ў «ТыкТоку». Кантэнт Кабякова арыентаваны пераважна на дзіцячую і моладзевую аўдыторыю. Яшчэ падчас пратэстаў 2020 года ён адкрыта суперажываў беларусам, але «пераабуўся» пасля нападу Расеі на Украіну.

Сярод блогераў, якія асвятлялі «Марафон адзінства», «Бюро» заўважыла таксама плеяду артыстаў айчыннага лэйблу «Flagman music»: Ангеліну Міхалёву, больш вядомую як Анджыліша, Ульяну Сталярову, якая выступае пад творчым псеўданімам Улька Пулька, і Дзмітрыя Сіўчыка (Дзім Дзімыч). «Flagman music» стварылі ў лістападзе 2020 года людзі з крымінальным мінулым – Кірыл Брэзанскі і Андрэй Паўловіч.

Абойму топавых онлайн-прапагандыстаў разбавілі не вельмі буйнымі, але вельмі стараннымі мясцовымі блогерамі, якія маюць лакальную славу і аўтарытэт. Адна з такіх блогераў – міс Гомель Кацярына Пшэнцава. Яна мае ўсяго 11,8 тысячы падпісчыкаў у «Інстаграме», «затое пілуе кантэнт з «Марафону адзінства» аўтаматнай чаргою».

Сярод сталых «гастралёраў» па гарадах і вёсках «Бюро» таксама запрыкмеціла барысаўчанку Кацярыну Залынскую. Ейная сумарная аўдыторыя ў «Інстаграме» і «ТыкТоку» каля 100 тысячаў падпісчыкаў, а асноўны профіль сацсетак – мамскі кантэнт, агляды і распакаванні.

Злева направа: Ульяна Сталярова (Улька Пулька), Дзмітрый Сіўчык (Дзім Дзімыч), Улад Кабякоў і Ангеліна Міхалёва (Анджыліша) на «Марафоне адзінства». Фота: kobyakov_official / Instagram
Злева направа: Ульяна Сталярова (Улька Пулька), Дзмітрый Сіўчык (Дзім Дзімыч), Улад Кабякоў і Ангеліна Міхалёва (Анджыліша) на «Марафоне адзінства». Фота: kobyakov_official / Instagram

Журналістам «Бюро» ўдалося паразмаўляць з некалькімі блогерамі, якія асвятлялі «Марафон адзінства». Іхныя імёны не называюцца ў мэтах бяспекі. Паводле блогераў, запрашэнне ўзяць удзел у «Марафоне адзінства» ім паступіла ад работнікаў «Музычнай медыякампаніі» праз сацсеткі. Блогеры сцвярджаюць, што арганізатары не выстаўлялі патрабаванняў да кантэнту, але пазней у іх запытвалі статыстыку ахопаў. Блогеры запэўнілі, што не атрымлівалі ніякіх ганарараў за ўдзел у «Марафоне адзінства», але «Музычная медыякампанія» ўзяла на сябе выдаткі на транспарт, размяшчэнне і харчаванне.

Як праходзяць акцыі

«Бюро» таксама расказала, як праходзяць акцыі «Марафону адзінства». Гэтак, падчас падзеі «Знакавая сустрэча» адбываецца нефармальная размова жыхароў рэгіёнаў з запрошанымі гасцямі на зададзеную тэму. У якасці спікераў – пераважна чыноўнікі і прапагандысты. Гэтак, тэлевядоўца Ігар Тур расказваў жыхарам Баранавічаў, што дыктатура Лукашэнкі – гэта «самая прымальная форма праўлення для славянаў», а старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту Наталля Цылінская выказала меркаванне, што цялесныя пакаранні розгамі адмянілі рана.

Фінальны акорд двухдзённай праграмы «Марафону адзінства» ў кожным горадзе – маштабныя гала-канцэрты «Час абраў нас», у пачатку якіх гучыць аднайменная кампазіцыя. Аўтары і выканаўцы – муж і жонка Юлія Быкава і Яўген Алейнік, аўтары «Любімую не аддаюць».

Пасля вядоўцы запрашаюць на сцэну якога-небудзь чыноўніка з прамоваю. Затым ідзе выступ Мікалая Лукашэнкі і ягонай настаўніцы Алены Асташкінай-Мысліўчык. Пасля гэтага праграма ўсё болей набывае вайскова-патрыятычнае афарбаванне.

,,

«На наш вялікі жаль, на наш сардэчны боль, гэтым шляхам [вайны] пайшлі нашыя браты, нашыя родныя – суседзі ўкраінцы. За карункавай бялізнаю памкнуліся яны ў райскі сад, а атрымалі толькі смерць, боль, разбурэнні, знішчаныя гарады, сотні тысячаў трупаў і мільёны бежанцаў, і непраглядны морак і гора. І ад усяго гэтага ўжо больш за 30 гадоў абараняе, ахоўвае нас, захінае сабою нас наш чулы бацька!» – казаў Рыгор Азаронак на канцэрце ў Магілёве.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына ідзе па асфальтаваным двары, аздобленым надпісам «Свабоду! 3 %», у Менску, Беларусь. 25 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Таталізатар «народнай любові»: колькі адсоткаў намалююць Лукашэнку?

Аналітыка

Вайскова-патрыятычны блок перамяняецца сентыментальна-патрыятычным, а-ля «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся», які падсумоўваюць развагамі пра тое, як «расквітнела і змянілася» Беларусь пры Лукашэнку. А затым пачынаецца блок культу асобы «моцнага гаспадарніка». Абавязковыя складнікі – кампазіцыі, прысвечаныя Лукашэнку асабіста: «Балада пра дыктатара» і «Бацька ў нас круты!». Апошнюю, дарэчы, выконваюць работнікі абласных сілавых ведамстваў пад падборку відэа з Лукашэнкам, а гледачы ў зале ў абавязковым парадку ўстаюць і махаюць «транспарантамі».

Парушэнне на парушэнні

Эксперт у выбарах і аўтар праекту «Справа выбару» Аляксандр Шлык, які ўзначальваў аддзел у справе выбараў БДІПЧ АБСЕ, называе «Марафон адзінства» «абсалютнай агітацыяй» у падтрыманне Лукашэнкі. Але пачалася яна за некалькі месяцаў да дазволенага заканадаўствам тэрміну.

«Бюро» звярнулася да кіраўніцтва ЦВК, каб даведацца, як там ставяцца да таго, што ў краіне ўжо некалькі месяцаў поўнай хадою ідзе агітацыя за кандыдата Лукашэнку. Старшыня камісіі Ігар Карпенка і ягоны намеснік Аляксей Башан кінулі слухаўку, як толькі журналіст назваўся і задаў сваё пытанне. Сакратарка ЦВК Алена Балдоўская папрасіла ператэлефанаваць на наступны дзень і болей не адказвала на званок. Таксама адмовіўся размаўляць і міністр інфармацыі Марат Маркаў.

Журналісты адзначаюць, што агітацыйная кампанія кандыдата ў прэзідэнты фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту. Згодна з тэндарнымі закупамі, адзін толькі канцэрт у Магілёве каштаваў беларускім падаткаплатнікам сама меней 690 тысячаў рублёў. А такіх канцэртаў правялі ўжо 12.

«У Беларусі, згодна з законам, усе выдаткі на выбарчую кампанію мусяць ісці з выбарчага фонду кандыдата. Кандыдат можа ўкласці ў гэты фонд свае ўласныя сродкі або прыцягнуць сродкі выбарнікаў. Акрамя гэтага дзяржава дае некаторыя бясплатныя рэсурсы: публікацыю ў друкаваных СМІ або бясплатны эфірны час для выступаў. Хоць Лукашэнка і рапартуе, што ў яго дастаткова шмат выбарчых рэсурсаў у гэтым фондзе, крыніца іх да канца не зразумелая. Большая частка рэсурсаў, што ідзе дэ-факта на выбарчую кампанію Лукашэнкі, – гэта рэсурсы дзяржаўныя. Той жа «Марафон адзінства» – гэта ўсё дзяржаўныя сродкі, і гэта наўпрост забароненае законам», – патлумачыў Шлык.


У дэмакратычнай краіне да такога кандыдата былі б ужытыя жорсткія санкцыі, сцвярджаюць эксперты, «аж да зняцця з выбараў – пазбаўленнем рэгістрацыі».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10