Летась мы распавядалі гісторыю беларускі Таццяны Рысковай – яна сутыкнулася з гвалтоўным высяленнем з часткі дому, якую разам з сям’ёй здымала ў Ламянках пад Варшавай. Гаспадыня жытла падключыла тады фірму так званых эксмітэраў, якія займаюцца прымусовым высяленнем, і яны цягам 5 месяцаў, з лютага па ліпень мінулага года, тэрарызавалі беларусаў. Belsat.eu звязаўся з Таццянай і папрасіў яе распавесці, як тады вырашылася сітуацыя і на якім этапе яна цяпер. Таксама пагутарылі з яшчэ адной беларускай Ірынай, якая пацярпела ад эксмітэраў у Польшчы.
«Вывезу цябе ў Беларусь, адкуль ты ўцякла»
Нагадаем, Таццяна Рыскова разам з сям’ёй прыехала ў Польшчу ў лютым 2021 года. З радзімы беларусы ўцякалі экстранна, каб уратавацца ад пераследу. У Польшчы атрымалі дадатковую ахову, знялі частку дому ў Агнешкі П. у Ламянках, што пад Варшавай. Спачатку беларусы плацілі за арэнду, а потым, як распавядала наша суразмоўца, дамовіліся з гаспадыняй, што яны будуць рабіць рамонт у доме ў залік часткі арэнднай платы.
Цягам некалькіх месяцаў, пакуль беларусы займаліся рамонтам дому, у перапісцы гаспадыня пісала ім, што гэты час залічаны па аплаце. А ў лістападзе 2023 года, паводле нашай суразмоўцы, Агнешка П. сказала, што не стане ўлічваць апошнюю частку працы, таму што яна перадумала, і запатрабавала аплаціць арэнду за лістапад грашыма. Таксама тады высветлілася, што гаспадыня не аплочвала камунальныя паслугі з тых сродкаў, што Таццяна пераводзіла ёй на банкаўскі рахунак.
Праз два тыдні ў доме былі абрэзаныя ўсе камункацыі – вада, газ, электрычнасць, а гаспадыня запатрабавала, каб беларусы высяліліся, хоць дамова арэнды яшчэ дзейнічала і ніякай запазычанасці па плацяжах, са словаў Таццяны, не было.
Як каментаваў летась «Белсату» юрыст Барталамей Піляшэк з Канцэлярыі сацыяльнай справядлівасці, якая займаецца абаронай правоў арандатараў, Агнешка П. не спыніла дзеянне дамовы, як таго патрабаваў закон. Замест гэтага яна падключыла фірму «Exmiter», вядомую ў Польшчы гвалтоўнымі і нават брутальнымі, ды, як кажуць юрысты, незаконнымі, высяленнямі. Кіраўнік фірмы Яцэк Хэйноўскі пачаў асабіста пераследаваць сям’ю беларусаў.
,,«Ён прыязджаў, абражаў нас, пісаў СМС з пагрозамі, што нас гвалтоўна высяляць, тэлефанаваў з пагрозамі. Падчас аднаго з тэлефонных званкоў сказаў: «Вывезу цябе ў Беларусь, адкуль ты ўцякла. Твой прэзідэнт як возьме цябе, дык будзеш сядзець у турме і там пісаць свае паперкі», – распавядала тады Таццяна (гэтыя словы Хэйноўскага ёсць на запісу – рэд.).
Ліст Дональду Туску
Абражала сям’ю Таццяны і сама Агнешка П. – называла беларусаў паразітамі, казала, што яны павінныя станавіцца на калені і цалаваць ёй руку за тое, што жывуць у яе доме (гэта ёсць на відэа, якое Таццяна перадала нам у рэдакцыю).
Таццяна з сям’ёй не з’язджалі, нягледзячы на невыносныя ўмовы, бо спадзяваліся, што праваахоўная сістэма спрацуе, і гаспадыня верне ўсе камунальныя камунікацыі, і дамова будзе спыненая паводле закону. Аднак 15 ліпеня, калі да канца тэрміну арэнды заставалася яшчэ 1,5 месяца, у дом прыехала Агнешка П. з групай людзей з відэкамерамі і сабакамі.
,,«Яны сарвалі ўсе дзверы ў доме і вынеслі іх, вылілі нашыя запасы вады, разбілі ўнітаз, заблакавалі ўваход і выхад. Сын вярнуўся з працы – яго не ўпусцілі. Нам не дазвалялі сабраць рэчы, загадвалі выходзіць, у чым мы былі», – распавядае Таццяна.
Потым усё ж сям’і далі содні, каб спакавацца і выехаць.
«Мы не спалі, зібраліся, а яны ўсё гэта здымалі і выклалі потым у ютубе тры сюжэты пра нас, – кажа беларуска. – Яны паказвалі, як мы выносім рэчы, нібыта па сваёй волі, але на іхным відэа няма таго, што нас атачалі бандыты і байцоўскія сабакі без наморднікаў».
Сям’я беларусаў была вымушаная высяліцца і тэрмінова шукаць новае жытло, аднак справай прынцыпу стала даказаць, што гаспадыня дому ў Ламянках і фірма «Exmiter» парушылі закон. Пачынаючы з лютага 2024 года Таццяна шмат разоў звярталася ў паліцыю і ў пракуратуру. Па заявах жанчыны двойчы адкрывалі папярэдняе следства і потым закрывалі. На наш запыт у пракуратуру мы атрымалі адказ, што 12 сакавіка 2024 года і 24 ліпеня 2024 года былі спыненыя справы паводле артыкулаў 191 – «Прымус да пэўных паводзінаў. Перашкоды ў карыстанні жылым памяшканнем», 119 – «Дыскрымінацыя» і 257 – «Напад на глебе ксенафобіі, расізму або рэлігійнай нецярпімасці».
Таццяна кажа, што будзе абскарджваць гэтыя адмовы.

Толькі калі беларуска звярнулася ў адміністрацыю прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, а адтуль заяву перанакіравалі ў Генеральную пракуратуру Польшчы і акружную пракуратуру Варшавы, справа зрушылася. 6 лістапада Таццяну Рыскову апыталі для пратаколу. Тады высветлілася, што раней справай не займаліся, бо гаспадыня дому прадставіла дакументы, якія сведчылі пра сканчэнне дамовы арэнды. Таццяна сцвярджае, што Агнешка П. падрабіла ейны подпіс. У пракуратуры ў беларускі ўзялі ўзор подпісу для экспертызы.
Справа за падробку дакументаў
11 студзеня 2025 года Таццяна атрымала ліст з пракуратуры аб тым, што 30 снежня 2024 года, па рашэнні пракурора, было распачатае расследаванне па справе падробкі дамовы найму і подпісу на ім паводле § 1 арт. 270 Крымінальнага кодэксу Польшчы («Матэрыяльная падробка») і іншых (якіх яшчэ, у лісце не ўдакладняецца, копію лісту Таццяна перадала ў рэдакцыю). Санкцыя артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 месяцаў да 5 гадоў.
Таццяна радуецца гэтай першай перамозе, і кажа, што хоча таксама дамагчыся, каб да адказнасці прыцягнулі фірму эксмітэраў, якіх яна называе не інакш як бандытамі. З тым, што гэтыя людзі вядуць незаконную дзейнасць і мусяць адказваць, згодныя польскія грамадскія арганізацыі, з якімі цяпер супрацоўнічае Таццяна: Цэнтр маніторынгу дыскрымінацыі і расісцкіх паводзінаў і Камітэт абароны правоў жыльцоў. Апошні ўжо 10 гадоў «палюе» на эксмітэраў і спрабуе прыцягнуць іх да адказнасці.
«У Камітэце кажуць, што мы – першыя, хто так добра задакументаваў усё, што адбывалася. Часцей людзі разгубленыя, не здымаюць, а потым настолькі псіхалагічна прыгнечаныя, што не хочуць далей змагацца. Акрамя таго, эксмітары звычайна ціснуць ці на замежнікаў, якія баяцца дэпартацыі, ці на палякаў нізкага сацыяльнага статусу, у якіх няма грошай на юрыстаў. Таму так цяжка даказаць усе іхныя злачынствы», – кажа беларуска.
Камітэт абароны правоў жыльцоў звярнуўся да амбудсмэна, які распачаў уласнае расследаванне.
Цэнтр маніторынгу дыскрымінацыі і расісцкіх паводзінаў у сваю чаргу займаецца іншым бокам справы – абразамі і распальваннем міжнацыянальнай варожасці з боку Агнешкі П. і эксмітэраў.
«У каментарах пішуць, што беларусаў і ўкраінцаў трэба выгнаць з Польшчы»
Паводле Таццяны і ейных юрыстаў, фірма «Exmiter» распальвае міжнацыянальную варожасць і ксенафобскія настроі ў польскім грамадстве.
,,«У каментарах пад іхнымі відэа пішуць, што нас – беларусаў, украінцаў – трэба выгнаць з Польшчы, нагадаць нам Валынь. Яны не разбіраюцца, хто ёсць хто. Юрыст кажа, што ўласнік каналу мусіць прыбіраць такія ксенафобскія выказванні, што ён не меў права дапусціь, каб яны рапаўсюджваліся. У судзе я пастаўлю гэта ў галаву кута, і буду патрабаваць рэабілітацыі свайго імя і наагул – беларусаў, украінцаў і ўцекачоў», – кажа наша суразмоўца.
Таццяна сцвярджае, што прадстаўнік фірмы «Exmiter» спрабаваў збіць яе аўтамабілем – гэта ўсё таксама знята на відэа, і па іх будуць экспертызы – дарожная паліцыя будзе вывучаць траекторыю і рух аўтамабілю.
Таксама чакае кіналагічнай экспертызы відэазапіс з сабакамі, з якімі беларусаў высялялі з дому – эксперты мусяць вызначыць, якую шкоду гэтыя сабакі маглі нанесці.
«І самы сур’ёзны артыкул – арганізацыя групы і дзеянні ад арганізаванай групы асобаў паводле папярэдняй змовы, бо яны ўсё гэта загадзя абмяркоўвалі і планавалі, – кажа Таццяна. – Яны нават на відэа пра нас кажуць, што яны распрацавалі стратэгію, як нас высяліць. Юрыст, калі ўбачыў гэта, сказаў адназначна, што гэта – дзеянні арганізаванай групы паводле папярэдняй змовы».
Гаспадыня дому не адказвае
Беларуска мае намер змагацца, пакуль не адновіць справядлівасць і не прыцягне да адказнасці гаспадыню дому і эксмітэраў.
«Я ўсё ж веру ў каштоўнасці, якія абвяшчае Польшча і ў тое, што ў Польшчы закон працуе і перад ім усе роўныя. Спрабуючы дамагчыся справядлівасці, мы хочам паказаць сабе і ўсім іншым людзям, якія трапілі ў падобныя сітуацыі, што за сябе трэба змагацца, і не здавацца», – кажа Таццяна.

Цяпер Таццяна разам з іншымі пацярпелымі ад фірмы «Exmiter» з дапамогай Камітэту абароны правоў жыльцоў рыхтуюць калектыўны пазоў. Беларуска просіць звязацца з ёй усіх, хто таксама стаў ахвярай дзеянняў гэтай фірмы. Кантакты Таццяны ёсць у рэдакцыі.
Мы напісалі Агнешцы П. і папрасілі яе распавесці, як выглядае сітуацыя з ейнага боку, аднак адказу не атрымалі. Не захацела яна з намі размаўляць і мінулым разам. Таксама мы звярнуліся да фірмы «Exmiter» і запыталіся, што яны думаюць наконт каментароў пад сваімі відэасюжэтамі ў youtube, што распальваюць варожасць. Адказу дагэтуль няма, калі будзе – мы апублікуем.
«Вымятайцеся, паразіты»
Крыху больш пазітыўна развіваецца гісторыя беларускі Ірыны (імя змененае з меркаванняў бяспекі), якая жыве ў Плоцку, і якую таксама летась разам з 4 дзецьмі спрабавалі высяліць з кватэры эксмітэры.
,,«Спачатку былі СМС, а потым прыехаў мужчына на Мэрсэдэсе, і пачаў калаціць нагамі і кулакамі ў дзверы, – распавядала Ірына пра тое, як яе перасладавалі эксмітэры, яшчэ ўвесну 2024 года. – Потым пачуў, што я тэлефаную ў паліцыю, пабег да машыны і з’ехаў, крычаў яшчэ «вымятайцеся, паразіты».
Беларуска звярнулася ў паліцыю, да адваката. Высветлілася, што полька, якая здала Ірыне кватэру, не мела права гэтага рабіць, бо кватэра належыць таварыству ўласнікаў (Międzygminne Towarzystwo Budownictwa Społecznego – MTBS), у якога маці гэтай полькі і здымала жытло. MTBS звярнуўся ў пракуратуру і распачаў працэс высялення як сям’і Ірыны з кватэры, так і скасавання дамовы з тымі, хто прадставіўся яе гаспадарамі і здаў у арэнду. Па словах Ірына, жанчына, з якой яна падпісвала дамову, заяўляла, што Ірына падрабіла дакументы, зарэгістравалася ў кватэры і захапіла яе.
«Са мной звязвалася пракуратура, запытвала дамову, але далей справа не пайшла, магчыма, гаспадыня сама адмовілася ад сваёй заявы, бо гэта была хлусня», – кажа Ірына.
Гісторыя з эксмітэрамі скончылася ў выпадку Ірыны даволі хутка – пасля таго, як жанчына наняла адваката.
«Мне прыйшла смс, што 2 траўня эксмітэры разам з гаспадыняй прыедуць і запламбуюць замок у кватэру. Аднак у той дзень да дому пад’ехала гаспадыня, пакруцілася пад вокнамі і пайшла. Эксмітэр так і не з’явіўся. Адвакат мне сказаў – не хвалюйцеся, ён вас больш не будзе непакоіць. І так сапраўды і было», – распавядае беларуска.
«Яны самі стварылі гэтую сітуацыю»
На дадзены момант Ірына з дзецьмі працягвае жыць у гэтай кватэры і чакае суду. Калі суд пастановіць, каб яны высялілася, яна будзе запытваць сацыяльнае жытло.
«Адвакат кажа, што ўвесь гэты працэс можа заняць шмат часу, нават 3 ці 5 гадоў», – зазначае беларуска.
«Гаспадыня» кватэры таксама больш адкрыта не тэрарызуе беларуску, аднак спакойнага жыцця ўсё роўна няма – хтосьці ўвесь час псуе Ірыне аўтамабіль – рэжа і прабівае колы, залівае машыну фарбай. Ірына кожны раз звяртаецца ў паліцыю, аднак справу штораз спыняюць, бо нікога не знаходзяць. Беларуска ж падазрае, што ў гэтым могуць быць замяшаныя «гаспадыня» кватэры і ейныя сваякі.
,,«Мне агулам шкада іх, што ў выніку ў іх могуць забраць гэтую кватэру. Але яны самі стварылі гэтую сітуацыю і мне праблемы», – кажа Ірына.
Што рабіць, калі вас пераследуюць эксмітэры?
Выпадкі гвалтоўных высяленняў і дзеянні фірмы «Exmiter» «Белсату» пракаментавала Зэнобія Жачэк, прадстаўніца Камітэту абароны правоў жыльцоў. Паводле спадарыні Зэнобіі, дзейнасць эксмітэраў не адпавядае польскаму заканадаўству, бо пабудаваная на прымусе, запужванні і фізічным гвалце.
,,«Паводле закону, гаспадар мусіць скласці пазоў аб высяленні, які будзе разглядаць суд. Ніхто не можа быць выселены на вуліцу, асабліва ў сярэдзіне зімы, нават арандатар, які не выконвае сваіх абавязкаў, не плаціць. Суд будзе разглядаць, ці прадставіць яму часовае жытло, ці сацыяльнае, калі гэта сям’я з дзецьмі ці чалавек з інваліднасцю. Працэдуру ж высялення мае права ажыццяўляць толькі судовы прыстаў з рашэннем суду і выканаўчым лістом – тады гэта законна. Калі прыставу і рашэння суду няма, гэта, відавочна, парушэнне закону», – кажа прадстаўніца Камітэту.
Эксмітэры, аднак, працягваюць працаваць, а праваахоўныя органы рэдка рэагуюць адпаведным чынам, а пракуратура прыпыняе справы па заявах пацярпелых. Зэнобія Жачэк мяркуе, што гэта можа быць звязана з адсутнасцю палітычнай волі, каб гэтай сітуацыяй заняцца. А заняцца трэба, бо маштаб праблемы вялізны – кожны тыдзень з усёй Польшчы ў Камітэт звяртаюцца 1 – 2 чалавекі, якія сталі ахвярамі эксмітэраў. Такіх справаў сотні, і гэта пры тым, што далёка не ўсе распавядаюць пра свае сітуацыі, шмат хто не ведае пра Камітэт.
Калі вы сталі ахвярай гвалтоўнага высялення, Зэнобія Жачэк раіць падрабязна дакументаваць, здымаць на відэа ўсё,што адбываецца. У Варшаве можна звярнуцца ў Камітэт абароны правоў жыльцоў – яго прадстаўнікі могуць выехаць да вас і задакументаваць дзеянні эксмітэраў.
Спадарыня Зэнобія выказвае спадзяванне, што гэтым разам, у сітуацыі Таццяны Рысковай, атрымаецца давесці справу да суду.
Ганна Ганчар belsat.eu