Белсат працягвае весці сумную хроніку рэпрэсій, якія ўсё ніяк не заканчваюцца ў Беларусі.
15 студзеня зноўку пачалі судзіць палітвязня Мікіту Емяльянава, які больш за пяць гадоў знаходзіцца ў зняволенні.
У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым і дадалі яшчэ два гады зняволення за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК).
Вядома, што ў папраўчых установах палітвязня месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск. Цяпер яго зноў судзяць паводле арт. 411 КК і могуць дадаць яшчэ два гады пазбаўлення волі.
За «распаўсюд экстрэмізму» таксама пачалі судзяць гітарыста гурта Evthanazia A.D. Андрэя Старушэнку. Суд над музыкам адбыўся ў судзе Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Вядома, што Старушэнка працуе галоўным энергетычным спецыялістам на Рэчыцкім метызным заводзе.
Evthanazia A.D. – найстарэйшы death metal гурт Беларусі з Рэчыцы, створаны яшчэ ў 1992 годзе. Пасля перапынку яны вярнуліся на сцэну ў 2014 годзе, упершыню выпусціўшы кампазіцыі на беларускай мове.
Стала вядома, што ўжо больш за месяц працягваюць судзіць лесніка Вітольда Шалкевіча са Свіслачы, якому пагражае да 12 гадоў калоніі за каментары ў тэлеграме.
Мужчына родам з мястэчка Поразава Свіслацкага раёна. Яго затрымалі ў жніўні 2023 года на працы. Спачатку прысудзілі арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля губазікаўцы знялі з ім відэа і перавялі з СІЗА. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысячаў каментароў у розных чатах. Суд над ім распачаўся 9 снежня ў Гарадзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК), «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК), «абразе суддзі» (арт. 391 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК). Справу разглядае суддзя Руслан Гурын.
Праваабаронцы «Вясны» падлічылі, што ў Беларусі за «акты тэрарызму» і замаху на іх асудзілі 71 чалавека. Паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу судзілі анарха-партызан, фігурантаў «справы Аўтуховіча», рэйкавых партызан, фігурантаў «справы Мачулішч», «справы Гайдукевіча», «справы АГСБ» і іншых. У тым ліку паводле «тэрарыстычнага артыкула» да смяротнага пакарання асудзілі нямецкага лекара Рыка Крыгера, а пасля памілавалі і вызвалілі ў межах абмену. З 71 асуджанага паводле палітычных матываў налічваецца восем жанчын, семёра – замежныя грамадзяне, яшчэ дзевяць чалавеук– асуджаных завочна.
Сайт будаўнічай фірмы Валера Сахашчыка sahaty.pl узламалі. Пра гэта паведамілі чытачы «Белсату» і падзяліліся скрыншотам старонкі сайта, на якой з’явілася паведамленне аб узломе і патрабаванне цягам 72 гадзін звязацца са зламыснікамі – інакш будзе апублікаваная адчувальная інфармацыя кампаніі. У якасці доказаў узлому спасылка на частку звестак пра кампанію і асабістыя звесткі супрацоўнікаў.
У размове з «Белсатам» Валер Сахашчык пацвердзіў, што сайт яго фірмы ўзламалі, файлы зашыфраваныя і зламыснікі патрабуюць грошай. Але колькі дакладна – пакуль невядома.
Надзея Вольная belsat.eu