ЦВК пагражае беларусам, што за фота ці відэа бюлетэня падчас выбараў яны будуць аштрафаваныя на суму да 630 рублёў. Таксама забаронена выносіць бюлетэнь з выбарчага ўчастку. «Белсат» спытаў у юрысткі, ці законна гэта і адкуль такія правілы.
Калі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рабіць фота бюлетэня было законна, то цяпер правілы змяніліся, кажа экспертка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Святлана Галаўнёва.
«Разам са зменамі ў Выбарчы кодэкс 2023 года ў артыкуле пра парадак галасавання з’явілася папраўка пра тое, што забараняецца выносіць бюлетэнь за межы памяшкання выбарчага ўчастку. І забараняецца праводзіць фота- і відэаздымку ўжо запоўненага бюлетэня», – адзначае яна.
Калі разглядаць такія правілы без кантэксту, то яны даволі нейтральныя і ёсць нават у дэмакратычных краінах, дадае экспертка.
«Напрыклад, такая норма існуе ў заканадаўстве Польшчы. Гэта мера супраць карупцыі і злоўжывання. Але заўсёды, калі мы кажам пра Беларусь і беларускае заканадаўства, варта глядзець на кантэкст. Бо часта нейкія на першы погляд нейтральныя меры, змены заканадаўства, якія маюць аналагі ў заканадаўстве дэмакратычных краін, у Беларусі маюць крыху іншыя мэты і практыку», – кажа Святлана Галаўнёва.
У Беларусі ў 2020 годзе людзі масава рабілі фота бюлетэняў, каб потым даказаць, што не Аляксандр Лукашэнка перамог на выбарах. А падчас рэферэндуму аб Канстытуцыі ў 2022 годзе дэмсілы заклікалі ставіць два крыжыкі на бюлетэні, каб выказаць пратэст.
Важна адзначыць, што абмежаванні з’явіліся менавіта пасля гэтых падзеяў, лічыць суразмоўніца.
«Гэты пакет абмежаванняў накіраваны на тое, каб змагацца супраць грамадскага кантролю за тым, як праводзяцца выбары. Змагацца супраць незалежнага назірання. У кантэксце Беларусі, калі не існуе магчымасці праводзіць экзіт-полы, свабодна назіраць за тым, як праводзіцца галасаванне і падлік галасоў, гэта мера мае ўжо не нейтральны кантэкст. Яна накіраваная на тое, каб абараніць тое, што робяць выбарчыя камісіі з падлікам бюлетэняў», – робіць выснову Святлана Галаўнёва.
Арсен Рудэнка belsat.eu