Ва Украіну з расейскага палону вярнуліся 25 цывільных грамадзянаў і вайскоўцаў, сярод якіх ёсць байцы, захопленыя на «Азоўсталі» ў Марыупалі.
Паведамляецца, што таксама на свабоду выйшлі салдаты, якія ўдзельнічалі ў аперацыі Збройных сілаў Украіны ў Курскай вобласці, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Міністэрства абароны РФ пацвердзіла абмен палоннымі ў фармаце «25 на 25» з Украінай. Угода адбылася пры пасярэдніцтве Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.
Расейскія вайскоўцы падчас абмену былі перададзеныя на тэрыторыю Беларусі, а пасля будуць дастаўленыя ў РФ, адзначыла ведамства.
«Сярод вызваленых ёсць таксама грамадзянскі, захопленыя ў Кіеўскай вобласці, якх незаконна трымалі расейцы», – дадалі ў Каардынацыйным штабе ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі. Самаму маладому з вызваленых з расейскага палону – 24 гады, найстарэйшаму – 60.
Нагадаем, 12 студзеня Уладзімір Зяленскі прапанаваў кіраўніку Паўночнай Карэі Кім Чэн Ыну абмяняць салдатаў КНДР, захопленых ЗСУ ў палон у Курскай вобласці, на ўкраінскіх ваеннаслужачых, якія цяпер у расейскім палоне. Рэакцыі Пхеньяну на прапанову Зяленскага пакуль не было.
Надзея Вольная belsat.eu