На Беларускай чыгунцы скралі рэкордную колькасць інвентару строгага ўліку. Гаворка ідзе пра тармазныя башмакі.
Як піша belzhd.com, здарэнне адбылося ў пачатку 2025 года. З розніцай у чатыры дні з пад'язных каляінаў прамысловых прадпрыемстваў, якія прымыкаюць да станцыйных каляінаў чыгункі, зніклі 13 тармазных башмакоў. Спачатку адзін знік каля станцыі Чэпіна на Віцебшчыне, пасля яшчэ 12 тармазных башмакоў – каля станцыі Ганцавічы. Апошнія былі ў спецыяльнай металічнай скрыні.
Ганцавіцкім выпадкам зацікавілася не толькі міліцыя, але і КДБ.
Рэч у тым, што скрадзены інвентар патэнцыйна можа быць выкарыстаны для здзяйснення актаў тэрарызму на чыгунцы. У выпадку цяжкіх наступстваў асоба, якая адказвала за захоўванне, трапляе пад крымінальную адказнасць. Не выключаны і крадзеж маргінальнымі асобамі з мэтаю здаць у пункт скупкі металалому.
Тармазны башмак – гэта прыстасаванне, прызначанае для памяншэння хуткасці або спынення вагонаў. Такія тармазы перадухіляюць самаадвольны або несанкцыянаваны рух вагонаў.
Нагадаем, летась з Беларускай чыгункай было звязана нямала скандалаў. Да прыкладу, сілавікі раскрылі падрабязнасці затрымання першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Дулуба. Нават у эфіры тэлеканалу ОНТ Дулуба назвалі найбуйнейшым хабарнікам у гісторыі Беларусі. Яго затрымалі на месцы пасля атрымання грошай ад камерсанта.
Затрыманы хаваў грошы ў тайніках кватэры і загараднага дому цешчы. Хабары Дулуб браў гадамі, але сам пры гэтым вёў аскетычны лад жыцця.
Надзея Вольная belsat.eu