Меркаваннi

Багданаў ужо ў Казахстане, але агеньчык надзеі яшчэ тлее ў душы

Старшыня Міждзяржаўнага савета па антыманапольнай палітыцы
Старшыня Міждзяржаўнага савета па антыманапольнай палітыцы. Фота: прэс-служба Марг / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Міністр Багданаў паехаў паслом у Казахстан. Я, шчыра кажучы, трохі засмуціўся. Не, сам па сабе Казахстан месца вельмі цікавае. Пры насельніцтве ў два разы большым за Беларусь, мае ВУП у чатыры разы вышэйшы і ўзровень жыцця, прыкметна апярэджвае беларускі. І, калі ў мяне ў сеціве пытаюцца (нярэдка), у якой з краінаў былога СССР узровень жыцця вышэйшы за наш, на думку прыходзяць для пачатку ўсе тры краіны Балтыі (ужо сышлі за далягляд), потым Расея і ён, гарачы і загадкавы Казахстан.

Былому міністру МАРГ будзе там, вядома, цікава, але на радзіме ў яго засталася кіпа недаробленых спраў. Бо гэта менавіта ён, Аляксей Багданаў, быў застрэльшчыкам і выканаўцам знакавага дакумента – дырэктывы №10 «Аб недапушчальнасці росту цэнаў» ад 6 кастрычніка 2022 года.

Вынікі яе выканання былі, вядома, надзвычайныя. Пасля таго як прайшоў першы шок ад праверак, штрафаў і пасадак, пасля таго як народ ужо неяк прыцярпеўся, высветлілася, што гэта геніяльнае рашэнне сапраўды здольнае паўплываць на ўзровень цэнаў на паліцах крамаў, знізіць рост прыкладна на 2–3% у год, але яно ж наносіць велізарную шкоду беларускай розніцы. Ды такога памеру шкода, што ў першым паўгоддзі 2023 года галіна адпрацавала з 1% рэнтабельнасці.

Вытрымалі, вядома, не ўсе. І «Буслік», і «Остров чистоты» атрымалі траўмы, несумяшчальныя з жыццём, ды й «Еўраопт» прадэманстраваў, што ў такіх умовах прыкметны рост ягоных абаротаў дазваляе ледзь-ледзь захаваць памер прыбытку ў ранейшых параметрах.

Ну і, вядома, на месцы, што вызваліліся ад беларускіх кампаній, тут жа прыйшлі іх расейскія канкурэнты. Так атрымалася, што беларускі міністр спрацаваў, у першую чаргу, на карысць расейскіх капіталістаў. Але і гэта ж яшчэ не ўсё.

,,

«Забарона на вываз за мяжу беларускай бульбы (а пасля і беларускай драўніны) таксама былі наступствам працы кіраўніка МАРГ. Гэта ж трэба было так пастарацца, каб давесці бульбяны сектар у Беларусі (!) да стратнасці вытворчасці гэтага звыклага прадукту…


Ну і што ўжо казаць, што задачу павелічэння долі беларускай прадукцыі на паліцах крамаў гэты грамадзянін выканаў роўна наадварот. А як магло быць інакш, калі даходы грамадзянаў выраслі амаль на 10% (з прычыны недахопу працоўных рук), а беларускай прадукцыі ў крамах болей не стала менавіта праз тое, што вырабляць яе няма каму... У выніку нечакана разбагацелыя грамадзяне, не знайшоўшы ўлюбёнага айчыннага, адварочваючыся і моршчачыся ад агіды, усё ж куплялі імпарт. Ды так актыўна куплялі, што, па выніках 11 месяцаў, здолелі выкалупаць дзірку ў знешнегандлёвым сальда памерам у $660 млн.

Увогуле, як вы разумееце, гэты міністр Багданаў быў вялікі прафесіянал, і ў нашай профільнай «Атмасферы» мы ўвесь час надавалі ўвагу ягонай творчасці. І ўваходзячы ў 2025 год, пачатак якога супаў з (даруй Божа) электаральнай кампаніяй, былі чаканні, што і сёлета Багданаў нас не расчаруе, не падвядзе! Ягоны начальнік паабяцаў, што ўрад ужо здзейсніў навуковае адкрыццё касмічнага маштабу і хутка, вельмі хутка, рэпрэсіўную сістэму цэнавага стрымлівання заменіць «формула справядлівых коштаў». Улічваючы тое, што нідзе, у аніводнай краіне свету, не ўдалося так «справядліва» адрэгуляваць цэны на тавары і паслугі, каб адначасова не стварыць дэфіцыту, чакалася шмат усялякага цікавага.

,,

Больш за тое, была, тлела ўва мне надзея, што забаронай на вываз бульбы і прадуктаў дрэваапрацоўкі справа не абмяжуецца, што за імі паступова рушаць і ўсе астатнія тавары, і такім дзіўным чынам па «Саюзнай дзяржаве» будзе нанесены магутны ўдар.


Насельніцтва, вядома, было шкада, але сама магчымасць убачыць пры сваім жыцці вынікі такога эксперыменту абуджала ўва мне дух даследніка, вабілі гэтыя эканамічныя прыгоды... І раптам міністра Багданава знялі з працы і адправілі з вачэй далоў. Ну, не на Каба-Вердэ вядома (туды аднойчы адмовілася ехаць паслом былы пракурор Крыму Наталля Паклонская), але і не Расея, не Кітай.

Пасылаючы Аляксея за трыдзевяць зямель, Лукашэнка строга так спытаў: «Ну ты сам вызваўся, ці прымусілі?» Хацеў бы я паглядзець на чыноўніка, які, прама і сумленна, гледзячы ў вочы адказаў: «Дык вы ж самі, шаноўны генералісімус і не пакінулі мне выбару...» Не думаю, што ўбачу, але хацелася б.

Ну і, прызначаючы новага міністра МАРГ, Лукашэнка быў больш чым сціплы. Прапанаваў яму ўспомніць савецкі досвед (крый Божа! У СССР у дэфіцыце было практычна ўсе) і зноў згадаў пра «справядлівыя цэны», але неяк ужо мімаходзь, без былога пафасу.

І вось сумна на душы. Неяк галавой разумееш, што саму сістэму рэгулявання цэн вырашылі паволі зліць, што не апраўдала яна сябе, што мінусаў выйшла больш чым плюсаў, але ўсё адно тлее дзесьці ў кутку душы агеньчык і не-не, ды і ўспомніш былога міністра Багданава. Колькі ў яго было яшчэ цікавых ідэяў... а цяпер – Казахстан, эх!

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10