На трэці дзень пасля пачатку вайны ва Украіне Ксенія Каменка выйшла на прамерзлую Савецкую плошчу ў Горадні і дастала з заплечніка складзены ўдвая аркуш, на якім было напісана: «Не вайне ва Украіне». Была адна, як былінка ў полі. Праз некалькі хвілінаў да яе падбеглі людзі ў чорным. Цяпер Ксеніі, якую ў 2022 годзе, адразу пасля антываеннага пікетавання, выключылі з універсітэту, патрэбная дапамога. Дзяўчыне спаўняецца 25 гадоў 1 лютага.
Ксенія Каменка не выглядае на бунтарку. Цёплая ўсмешка, спакойны голас, разважлівыя думкі. Каб трымаць раўнавагу на чужыне, яна спявае ў праваслаўным хоры «Varslavia», а знядаўна і ў хоры вольных беларусаў «Гук цішы» ў Варшаве. Распавядае, што спявала ў хоры з 13 гадоў, бо сям'я была музычная. І прызнаецца, што з самага ж дзяцінства і бунтавала.
Ксенія пайшла насуперак жаданню бацькі стаць музыкай і пасля заканчэння менскага ліцэю № 1 пры БДУІР сышла з дому. Працавала ў звычайнай менскай краме касметыкі, чытала гістарычныя кніжкі і рыхтавалася да экзамену ў БДУ. Каб паступіць на бюджэтнае аддзяленне гістфаку, ёй не хапіла некалькі балаў. Вучыцца на платным не было магчымасці, таму вырашыла паехаць у Горадню. Так у 2019 годзе Ксенія стала студэнткай факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму ГДУ імя Янкі Купалы. Прычым не проста студэнткай, а выдатнай, адной з самых лепшых і актыўных. Пра ейны ўдзел у жаночых ланцугах салідарнасці і маршах у Менску ў 2020 годзе кіраўніцтва ГДУ не здагадвалася. Так было аж да 27 лютага 2022 года…
Сэнс і бунт
Гэта не толькі трэці дзень вайны ва Украіне, але і дзень галасавання на так званым рэспубліканскім рэферэндуме «ў пытаннях упісання зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь», ініцыяваным Лукашэнкам. Горадня аж кішыць супрацоўнікамі МУС у цывільным і ў форме. Ксенія выходзіць з выбарчага ўчастку, галасаваць датэрмінова яна адмовілася. Вымае тэлефон, чытае паведамленне знаёмай з Кіева: «Зноў бамбілі, загінула малая дзяўчынка…» Ксенія рушыць наперад, спыняецца на плошчы Леніна, заўважае непадалёк ад помніку «правадыра сусветнага пралетарыяту» міліцэйскі аўтамабіль і ідзе далей – па Савецкай. Прыпыняецца каля прыступак, якія вядуць да ДК тэкстыльнікаў на Савецкай плошчы, здымае заплечнік, дастае белы аркуш з надпісам «Не вайне ва Украіне!» з намаляваным жоўта-блакітным сцяжком і трымае яго ў руках. Адна на ўсёй плошчы.
«Бачыла, што мяне заўважыла ахова плошчы, патруль там хадзіў. І ішлі людзі. Іх няшмат было, але яны былі, праходзілі міма. Хтосьці ўзняў кулак угару, каб паказаць, што салідарны са мной. Хтосьці на секунду спыняўся, чытаў надпіс і паказваў вялікі палец. Але… ніхто не далучыўся. Гэта мяне адразу неяк троху прыбіла – ніхто не становіцца побач. А потым думаю, няхай будзе як будзе», – згадвае Ксенія.

Калі мы пытаемся ў Ксеніі, ці выйсці самой-адной на плошчу было яе асабістым рашэннем, яна адказвае, што так, бо проста не магла іначай. Чула да гэтага заклік Святланы Ціханоўскай гуртавацца каля выбарчых участкаў, але вырашыла дзейнічаць самастойна.
«У маім рашэнні шмат чаго было намяшана – і адчаю, і адвагі. Я была на нейкай мяжы паміж здаровым сэнсам і нерацыянальным бунтам. Здаецца так. Я, праўда, думала, што мяне не будуць затрымліваць. Бо ўсё ж такі пачалася вайна, і гэта, як я меркавала на той момант, ніяк не звязана з беларускай палітыкай. Ведала, канечне, што з беларускай тэрыторыі нешта там ляціць. Але ж у нас да ўкраінцаў заўсёды было добрае стаўленне. А я нічога не прапагандавала, не намалявала нават БЧБ-сцяг на аркушы. Ну не схопяць жа мяне за тое, што я супраць вайны, думала. Дзесьці ж павінен быць здаровы сэнс. Карацей, усё гэта было вельмі наіўна і неразумна, напэўна», – разважае праз тры гады па тым пікетаванні Ксенія Каменка.
«І цяпер яшчэ трошкі калоціць»
Да яе падышлі людзі ў чорным праз чатыры хвіліны. Потым быў пастарунак, вымушанае «сардэчнае прызнанне», адабраны тэлефон, трое содняў у гарадзенскім СІЗА, суд і штраф на 50 базавых велічыняў. Толькі падчас суда Ксенія даведалася, што ў той жа дзень, але пазней і на іншым канцы Савецкай плошчы Горадні, пікетавала ейная сяброўка – і таксама апынулася ў СІЗА. Цяпер у Варшаве дзяўчыны трымаюцца разам.
На наступны дзень па вызваленні дзяўчыны з ізалятару ГУБАЗіК прыйшоў з ператрусам у студэнцкі інтэрнат. Ксенію не заспелі: узорная студэнтка, яна пабегла на заняткі – з турмы на лекцыі. Яе выклікалі да дэкана. Ксенія прызнаецца цяпер: спадзявалася, што ён яе зразумее. Марна. Сілавікі забралі яе проста з дэканскага кабінету.
«Дэкан мяне вельмі добра ведаў, выкладаў у нас гісторыю Беларусі, якраз перыяд Рэчы Паспалітай. Пытаецца: што здарылася? Я кажу, як гэта што, вайна пачалася, у мяне быў пратэст, я выйшла. Ён з хвіліну маўчаў, але так і не паспеў адказаць – у кабінет зайшлі незнаёмыя людзі…» – згадвае Ксенія.
Дзяўчыну павезлі запісваць «пакаяннае» відэа, потым адвезлі ў СК. Паводле класікі жанру, «злы» і «добры» следчыя спрабавалі выцягнуць у дзяўчын (там апынулася і сяброўка Ксеніі) патрэбную ім інфармацыю. Не атрымалася. Дадому адпусцілі позна, але адпусцілі. Прозвішча Ксеніі фігуравала цяпер у крымінальнай справе, заведзенай паводле арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Праходзіла як сведка…
«Цяпер мне ўжо лягчэй успамінаць гэта, але першы год пасля выезду было вельмі цяжка. А нават і цяпер яшчэ трошкі калоціць, але не так моцна, як раней. А тады было: распавядаю пра гэта Міжнароднаму камітэту расследавання катаванняў у Беларусі – і ўсім целам дрыжу. Эмоцыі ўсё адно вяртаюцца – зноў і зноў, хоць мінула ўжо тры гады і ты цяпер у бяспецы», – кажа Ксенія Каменка.

«У турме, але на радзіме…»
А тры гады таму, пасля допыту ў СК, яе альма матэр пастанавіла пазбавіцца ад занадта ўражлівай студэнткі. Спачатку вынеслі «вымову» за прагул двух дзён, якія яна правяла за кратамі (трэці прыпаў на выходны), а потым 17 сакавіка так званая Рада прафілактыкі ГДУ прагаласавала за яе адлічэнне. Цікава, што з 15 сяброў рады ажно 7 прагаласавалі супраць.
«Гэта мае выкладчыкі, якія ведалі мяне. Можа, не цалкам былі згодныя з маімі палітычнымі перакананнямі, але ведалі, якая я асоба і студэнтка. Разумелі, што ўніверсітэт страціць з гэтага, бо я вельмі шмат рабіла і для факультэту, і ўвогуле», – мяркуе Ксенія.
Загад аб адлічэнні быў падпісаны рэктаркай Ірынай Кітуркай 3 красавіка, а ўжо 4-га (супадзенне?) да бацькоў Ксеніі заявіліся супрацоўнікі КДБ – «паразмаўляць». На шчасце, самой Ксеніі, што якраз тады вярнулася ў Менск, дома не было. Кадэбэшнікі размаўлялі з бацькамі і абяцалі «зайсці яшчэ раз», калі дачка будзе ўдома. Даведаўшыся пра візіт КДБ, Ксенія пастанавіла зʼязджаць з краіны. Гэтае рашэнне падтрымаў яе хросны бацька, але, на жаль, не бацькі.
«Роўна за дзень да адʼезду яны мне гавораць: «Куды ты паедзеш? У турме, але на радзіме». Вось так было сказана, і я тады да канца ўсвядоміла, наколькі яны мяне не разумеюць. Было вельмі балюча, бо немагчыма было ім растлумачыць сваю пазіцыю», – згадвае нашая суразмоўца.
«Зразумела, што не ведаю, куды ісці і што рабіць»
З каменем на сэрцы і з пачуццём самоты дзяўчына пакінула Беларусь на пачатку траўня 2022 года. Была абсалютна адна, як на той самай гарадзенскай плошчы.
У Польшчы яе чакалі новыя выпрабаванні. Жыццё не мела літасці.
Увесну 2023 года нечакана пайшоў з жыцця яе хросны бацька – вельмі блізкі Ксеніі чалавек. А праз год не стала і роднага бацькі, з якім яна не мела магчымасці нават развітацца…
«Мы з ім апошні год амаль не размаўлялі. І, канечне, вельмі цяжка, вельмі балюча гэта перажываць. 16 лютага будзе год, як яго не стала, а я ўвесь час вяртаюся ў мінулае. Не змог мяне зразумець, але быў добрым чалавекам… Я шмат чаго аддала б цяпер, каб зноў пагутарыць з ім. Можа, усё-такі змагла б неяк вытлумачыць і пераканаць… На жаль, таты ўжо няма», – гаворыць Ксенія і адварочваецца.
Эміграцыя, смерці родных людзей, пастаянная трывога і напружанасць – усё гэта адбілася на здароўі. У дзяўчыны знайшлі новаўтварэнне на грудзях. Было падазрэнне на анкалогію. На шчасце, не спраўдзілася. Але лекары настойліва раяць зрабіць, пакуль не позна, аперацыю. Аперацыю пакрые страхоўка, але абследаванне будзе каштаваць больш за 1000 еўраў, якіх у Ксеніі цяпер няма.
Са стабільнай працай дзяўчыне пакуль не шанцуе, хоць паспрабавала яна шмат чаго. Працавала ў Беларускім доме ў Варшаве, адміністратаркай у салоне прыгажосці, кліент-менеджаркай у клінінг-кампаніі, менеджаркай у рэкрутынгавай кампаніі, у Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA), яшчэ ў адной фірме, якая займаецца ўсталяваннем нацяжных столяў. Яе або звальнялі, бо ў працадаўцаў раптам заканчвалася фінансаванне, або сама сыходзіла праз затрымку заробкаў ці праз немагчымасць спалучаць працу з вучобай: Ксенія спрабавала працягнуць навучанне ў Акадэміі вайсковага мастацтва (Akademia Sztuki Wojennej) на спецыяльнасці «міжнародная бяспека і дыпламатыя».
«Калі мяне звольнілі з ABBA, бо яны мелі нейкія грашовыя праблемы, мяне першы раз за гэтыя тры гады зноў затрэсла. Бо я ўпершыню адчула страх. Стала страшна, бо зразумела, што не ведаю, куды ісці і што рабіць. У адзін момант зноў апынулася на пустым месцы», – распавядае беларуска.
Яна з удзячнасцю згадвае, як адна з сябровак нядаўна прывезла ёй пакунак з ежаю.
,,«Я не ведаю, што б я рабіла без дапамогі і падтрымкі сяброў і знаёмых. Яны вельмі мне дапамагаюць», – кажа суразмоўца «Белсату».
Каб адчула, што яна – не адна
Ксенія Каменка не падае духам, ратуецца спевамі і музыкай і працягвае змагацца. Хоча ўвайсці ў IT-сектар і займацца бізнес-аналітыкай. Марыць атрымаць вышэйшую адукацыю, скончыць якую ёй не далі ў Беларусі. Вельмі спадзяецца, што пасля апошняга візіту Святланы Ціханоўскай у Польшчу Варшаўскі ўніверсітэт перагледзіць прынцыпы пераліку балаў пры паступленні для былых беларускіх студэнтаў. Пакуль што яе спробы працягнуць перарваную сілавікамі адукацыю ў Варшаўскім універсітэце былі марныя.

«1 лютага табе споўніцца 25 гадоў. Як адзначыш і якіх падарункаў чакаеш?» – пытаемся ў Ксеніі.
«Я не ведаю, як буду святкаваць. Спадзявалася, што… Але не хачу пра гэта. А найлепшым падарункам быў бы, напрыклад, квіток у тэатр ці філармонію. Або, ведаеце, квіток у Рым (смяецца). Італія – краіна маіх мараў», – прызнаецца Ксенія Каменка.
Беларуска зноў на мяжы адчаю і ірацыянальнага бунту. Як тады, 27 лютага 2022 года, калі выйшла на Савецкую плошчу ў Горадні. І вельмі хочацца, каб цяпер мы не былі абыякавымі мінакамі, а сталі побач з ёю. Таму, напэўна, найлепшым падарункам будзе хоць невялікі данат на абвешчаны дзяўчынай збор на сайце BYSOL.
Гэта дапаможа Ксеніі зрабіць неабходныя абследаванні перад аперацыяй, знайсці новую працу, пазбавіцца трывогі. А самае галоўнае – адчуць, што яна тут не адна.
Зміцер Міраш belsat.eu