Лукашэнка просіць «перагарнуць старонку». Масавае вызваленне пад «выбары»?

Аляксандр Лукашэнка даслаў сігнал Захаду: палітзняволеныя Бабарыка, Калеснікава і Кузнечык таму пацверджанне. Так лічыць Валер Кавалеўскі і прапаноўвае паслабіць санкцыі. Міхаіл Кірылюк кажа, што толькі працяг ціску дасягне мэты ў Беларусі. Новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.


«Асновай для таго, каб мы пачалі гэтую працу над вызваленнем палітычных зняволеных разам з Вольгай Гарбуновай, Таццянай Хоміч, ёсць асэнсаванне таго, што няма значнага прагрэсу ў гэтым пытанні, хаця палітычныя структуры заявілі гэта як галоўны прыярытэт для таго, каб дасягаць прагрэсу ў вырашэнні крызісу ў Беларусі. Мы бачым, колькі людзей цярпіць праз свае перакананні, праз тое, што пасля 2020 года пачаліся рэпрэсіі, але мы бачым, што тая стратэгія ціску, якая была распачатая пасля 2020 года, фактычна не дае тых пажаданых вынікаў, якія б дазвалялі вызваляць людзей. Нават узгадаю, што палітычныя лідары казалі, што ніводзін з тых, хто быў арыштаваны, хто трапіў у турму, адсядзіць свой тэрмін цалкам. На сённяшні дзень 1200 чалавек выйшлі менавіта таму, што скончыліся іх тэрміны цалкам. Разам з тым, у мінулым годзе мы пабачылі, што рэжым пачаў вызваляць людзей. На сённяшні дзень 227 людзей было вызвалена. Але мы разумеем, што для таго каб гэты працэс быў працягнуты, трэба рабіць усё ж больш выразныя практычныя крокі», – тлумачыць Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва.

Аднак з ім не згодны Міхаіл Кірылюк, праўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, які лічыць, што Лукашэнка ідзе на пэўныя саступкі толькі ў выніку адчувальных санкцыяў. Аднак паслабляць іх варта толькі тады, калі рэжым пакажа сапраўдныя крокі насустрач, напрыклад, «вызваліць 500 палітвязняў» і пры гэтым не набярэ новых закладнікаў.

Што рабіць у гэтай сітуацыі? Глядзіце новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.