Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца чатыры з паловай гады. Генеральны пракурор заявіў, што ўсіх датычных да «экстрэмізму» або ўжо асудзілі, або злавілі, але гэта наўрад ці азначае, што заўтра не будзе новых палітычных затрыманняў.
Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што ў Беларусі станам на 15 студзеня «ўсе, хто мае дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, або ўжо асуджаныя, або ў адносінах да іх распачатыя крымінальныя справы, якія будуць разгледжаныя судамі».
Пад «экстрэмістамі і тэрарыстамі» ён мае на ўвазе нязгодных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі – і не хавае гэтага. Пасля заявы пра «экстрэмістаў і тэрарыстаў» Швед казаў пра «беглых» – так ён называе палітычных эмігрантаў.
Для іх, падкрэсліў Швед, працуе «камісія для вяртання», якая атрымала каля 200 заяваў. Генеральны пракурор упэўнены, што мноства гэтых людзей не можа вярнуцца ў Беларусь не ад страху трапіць за краты, а ад страху перад тымі, хто «іх на Захадзе курыруе».
«І нават тыя, у дачыненні якіх камісіяй прынятае станоўчае рашэнне, праз гэта не могуць вярнуцца на радзіму», – наракаў Швед.
Распавядаючы пра выкананне задачы ад Лукашэнкі наконт запэўнівання бяспекі, Швед раптам перайшоў да вайны ва Украіне. Ён прызнаў, што вайна там пачалася не ў 2022 годзе, а ў 2014-м, але, маўляў, не з анексіі Расеяй украінскага Крыму, а з «незаконнага дзяржаўнага перавароту», пасля якога ўкраінцы пачалі «ваяваць за чужыя інтарэсы». Імаверна, Шведу не дае спакою гісторыя з уцёкамі з Украіны Віктара Януковіча на тле масавых пратэстаў і расстрэлу пратэстоўцаў сілавікамі.
Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», на канец 2024 года было вядома пра 6550 асуджаных у палітычных крымінальных справах, толькі за мінулы год – 1721 асуджаны. З рознымі відамі рэпрэсіяў (затрыманні, допыты, ператрусы) летась сутыкнуліся не менш за 8895 чалавек.
Што б ні казаў Швед, сумнеўна, што 16 студзеня палітычныя рэпрэсіі спыняцца. Пра новыя затрыманні, абвінавачванні і суды становіцца вядома літаральна штодня: вось агляды за ўчора, пазаўчора, тры дні таму, чатыры…
Як сцвярджала «Наша Ніва» са спасылкаю на ўласную крыніцу, перад сілавікамі паставілі задачу «прафілактаваць» усіх, хто можа пратэставаць перад выбарамі ці ў часе галасавання. Складзеныя спісы тых, хто падлягае прэвентыўным ператрусам і затрыманням, так званыя першы і другі спісы. Найбольш інтэнсіўныя рэпрэсіі былі запланаваныя на снежань 2024 года – студзень 2025 года.
Алесь Наваборскі belsat.eu