Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі ў 2021 годзе замяніў бацьку на пасадзе прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнае яго прэзідэнтам.
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведаміў, што 15 студзеня на Генеральнай асамблеі арганізацыі прайшлі выбары прэзідэнта НАК. Перамог Віктар Лукашэнка: за яго прагаласавалі 82 чальцы НАК, супраць яго – дзве асобы, устрымаліся тры. Выглядае, што выбары былі безальтэрнатыўнымі. Хто галасаваў супраць, не паведамляюць.
Віктар Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам НАК 26 лютага 2021 года – як сцвярджаў Камітэт, ён перамог на выбарах свайго бацьку, Аляксандра Лукашэнку. За паўгода да таго Лукашэнка-старэйшы сапраўды зазнаў паразу на выбарах, але гэта былі выбары прэзідэнта Беларусі. І паразы ён не прызнаў.
А Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) не прызнаў Віктара Лукашэнкі прэзідэнтам НАК Беларусі ў адказ на тое, што Нацыянальны алімпійскі камітэт не забяспечыў беларускім спартоўцам абароны іхных правоў і не запэўніў сваёй незалежнасці ад дзяржаўных уладаў. Віктар Лукашэнка тады толькі пакінуў пасаду памочніка свайго бацькі ў справе нацыянальнай бяспекі і застаўся чальцом Савету бяспекі. Віктара Лукашэнку таксама звязваюць з шэрагам бізнес-інтарэсаў, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі.
У той жа пастанове МАК заявіў, што не прызнае абрання чальцом выканаўчага камітэту НАК Беларусі Дзмітрыя Баскава, якога беларусы падазравалі ў датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі. Пазней Баскаў трапіў пад санкцыі Злучаных Штатаў, быў дыскваліфікаваны з усіх хакейных падзеяў Міжнароднай федэрацыяй хакею і пазбавіўся пасады старшыні Федэрацыі хакею Беларусі.
Цяпер Баскаў, як заўважыла «Трыбуна», перастаў быць чальцом выканкаму НАК.
НАК Беларусі трымаў кантакт з МАК і пасля санкцыяў, уведзеных за дыскрымінацыю спартоўцаў: гэтак, генеральны сакратар НАК Ксенія Санковіч у кастрычніку 2024 года сустракалася ў Швейцарыі з прэзідэнтам МАК Томасам Бахам. З ейных словаў выходзіць, што безвынікова.
Алесь Наваборскі belsat.eu