Штрафы да 630 рублёў абгрунтоўваюць таямніцай галасавання, а зусім не тым, што фота бюлетэняў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах паказалі маштабы фальсіфікацыяў і перамогу Святланы Ціханоўскай у першым туры.
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Алена Балдоўская прыгразіла выбарнікам штрафамі за фота- і відэаздымку запоўненых бюлетэняў падчас выбараў 26 студзеня, звярнуў увагу праваабарончы цэнтр «Вясна».
«Цяпер у выбарчым заканадаўстве прапісаная дакладна норма, якая вызначае забарону на фатаграфаванне або відэаздымку запоўненага бюлетэня і на вынас бюлетэня за межы памяшкання для галасавання, – расказала Балдоўская. – Такога кшталту дзеянні ёсць адміністратыўным правапарушэннем і пацягнуць накладанне штрафу на фізічную асобу, на выбарніка, памерам да 15 базавых велічыняў. Забарона на фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня звязаная з прынцыпам таямніцы галасавання. Калі грамадзянін выстаўляе на ўсеагульны агляд тое, як ён прагаласаваў у асноўны дзень выбараў, ён па сутнасці ажыццяўляе агітацыю. Агітацыя 26 студзеня забароненая».
Чаму тады штрафаваць будуць за здымкі, а не за факт агітацыі, чыноўніца не ўдакладніла.
На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года актывісты і апазіцыйныя палітыкі заклікалі фатаграфаваць бюлетэні і дзяліцца здымкамі з платформай «Голас». Платформа ў выніку атрымала больш за мільён пацверджаных галасоў і праверыла больш за паўмільёна бюлетэняў.
Хоць галасоў за Аляксандра Лукашэнку прыслалі менш за 1 %, па выніках аналізу бюлетэняў «Голас» змог спраўдзіць, на якіх участках не было маштабных фальсіфікацыяў, а з вынікаў тых участкаў экстрапаляваць агульны вынік па краіне. Атрымалася, што пры яўцы 78 % за Святлану Ціханоўскую прагаласавалі 56 %, за Лукашэнку – 34 %. ЦВК тым часам залічыла Лукашэнку 80 %, Ціханоўскай – 10 %.
Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Сярод кандыдатаў – Лукашэнка і тыя, хто яго падтрымлівае або прынамсі не выступае супраць яго. «BELPOL» ужо расказаў у дэталях, якія механізмы ўжываюцца для фальсіфікацыі гэтых выбараў. Эксперты прагназуюць, што Лукашэнку без падліку галасоў напішуць далёкія ад праўды 80–90 %. Рэальную апазіцыю да выбараў не дапусцілі. Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна.
Еўрапейскі парламент ужо падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі і шэраг краінаў заклікалі не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі. Не прызнаць гэтыя выбары ўжо паабяцалі парламент Польшчы і прэм’ер Нідэрландаў.
Нягледзячы на гэта, улады Беларусі надрукавалі і пачалі рассылаць бюлетэні для галасавання. Са словаў Балдоўскай, надрукавалі больш за 7 млн бюлетэняў, да 20 студзеня яны павінны прыйсці ўва ўсе ўчастковыя камісіі. Чыноўніца сцвярджае, што на выбары запрасілі назіральнікаў з больш як 40 краінаў, у тым ліку з Еўрапейскага Звязу.
Алесь Наваборскі belsat.eu