навіны

ЗША выдалілі Кубу са спісу дзяржаваў-спонсараў тэрарызму. Магчыма, толькі на тыдзень

Надпіс «Куба» і сцяг краіны на скале
Надпіс «Куба» і сцяг краіны на скале ў Гаване, Куба. Фота: STOUTfilmsHavana / Pexels.com
podpis źródła zdjęcia

ЗША хочуць такім чынам дамагчыся вызвалення кубінскіх палітычных вязняў. Пастанову Джо Байдэна можа ўжо праз тыдзень скасаваць Доналд Трамп.

Аляксандр Лукашэнка. Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Szijjártó Péter / Facebook)

Пытанні не вырашаюць дзесяцігоддзямі. Лукашэнка раскрытыкаваў эканамічныя стасункі з Кубай

навіны

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн 14 студзеня зняў з Кубы пазначэнне ў спісе дзяржаваў – спонсараў тэрарызму. У гэты спіс Куба была залучаная ў пачатку 2021 года, але Байдэн пастанавіў, што рашэнне можна скасаваць: за апошнія паўгода ўрад Кубы не дапамагаў міжнароднаму тэрарызму і запэўніў, што не будзе падтрымліваць міжнароднага тэрарызму ў будучыні.


Мэта гэтага рашэння, як расказалі «Associated Press» высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі на ўмовах ананімнасці, – вызваліць палітычных вязняў на Кубе да канца тэрміну Байдэна, да поўдня 20 студзеня.


Гаворка, падобна, пра вызваленне 533 чалавек: пра столькі кубінскі ўрад паведаміў Папу Францішку. Імёнаў тых, каго могуць вызваліць, не называлі. Колькі агулам палітвязняў на Кубе, невядома дакладна, але год таму Еўрапарламент пісаў пра больш як тысячу чалавек.


ЗША таксама могуць знізіць эканамічны ціск на Кубу дзеля вызвалення палітвязняў: як піша «Reuters», Байдэн можа аслабіць санкцыі ў апошнія дні на пасадзе.


Ды гэтыя рашэнні могуць скасаваць ужо хутка – мо нават праз тыдзень. Як адзначае «Голас Амерыкі», рашэнне Байдэна, імаверна, скасуе выбраны прэзідэнт Доналд Трамп, як толькі заступіць на пасаду. Менавіта ён вярнуў Кубе статус дзяржавы – спонсара тэрарызму ў 2021 годзе, ён таксама ўзмацняў санкцыі супраць Кубы. Але не ён увёў іх: санкцыі ЗША на Кубу наклалі яшчэ ў 1962-м.


Куба застаецца адною з найменш свабодных краінаў свету, там стала парушаюцца правы чалавека. Некаторыя рэформы ідуць, ды вельмі павольна, але разам з тым трывае глыбокі эканамічны крызіс.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10