Апублікаваная перадвыбарчая праграма Аляксандра Лукашэнкі. Калі параўноўваць яе з папярэдняй, то Беларусь стала іншай краінай. Расказваем, што змянілася ў прамовах, абяцаннях і ці былі рэалізаваныя папярэднія лозунгі.
Праграма 2025 года называецца «Час выбраў нас!». І ў 2020 годзе, і ў 2025 годзе Аляксандр Лукашэнка кажа пра тое, якой паспяховай стала краіна. Толькі кажа пра гэта па-рознаму. Калі ў 2020 годзе ён казаў пра новую еўрапейскую дзяржаву, пабудаваную на абломках «вялікай Савецкай імперыі», то ў 2025 годзе засталася толькі «незалежная дзяржава», а беларусы «займелі свой пачэсны пасад між народамі».
Трэба мірыцца з Захадам, які ва ўсім вінаваты
Традыцыйна Лукашэнка кажа пра мір. У 2020 годзе ён казаў, што забеспячэнне міру – брэнд Беларусі, а краіна – «наш агульны дом з вокнамі і на Усход, і на Захад». Цяпер ён кажа, што NATO сцягвае войскі каля беларускіх межаў, таму «мы дамаўляемся з саюзнікамі аб новых сучасных узбраеннях і ўдасканальваем сваю армію».
Лукашэнка кажа, што працягнецца паглыбленне стратэгічнага партнёрства з Расеяй і Кітаем. Але адзначае, што хацеў бы памірыцца з Захадам:
,,«Накіруем свае намаганні на аднаўленне дыялогу з Захадам і нармалізацыю адносін з суседзямі, перарваных не па нашай віне і не па нашай ініцыятыве. Гэта супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае».
Таксама ў прамове адзначаецца «неверагодны ціск» на Беларусь, насуперак якому Беларусь стала паўнапраўным удзельнікам ШАС і BRICS. Аднак тут ёсць недакладнасць – у BRICS Беларусь узялі толькі ў якасці краіны-партнёра, а не паўнапраўнага ўдзельніка.
Якія абяцанні людзям?

У папярэдняй праграме больш увагі Лукашэнка звярнуў на адукацыю, маўляў, «эпоха лічбавізацыі і штучнага інтэлекту – эпоха высокаадукаваных людзей». Таму абяцалася якасная адукацыя і адаптацыя яе да патрэб жыцця. Цяпер ён кажа толькі пра абстрактнае захаванне прынцыпаў сацыяльнай палітыкі ў адукацыі. Праўда, за апошні тэрмін Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта, нягледзячы на гучныя выказванні, Беларусь страціла 9,1 тысячу настаўнікаў у сярэдняй адукацыі (8,1 % ад усіх).
Таксама прынцыпы сацыяльнай палітыкі абяцае захаваць у медыцыне, падтрымцы мацярынства, дзяцінства, пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Але не дае абяцанняў пра заробкі. У 2020 годзе гаварылася, што на працягу пяцігодкі сярэдні заробак у краіне вырасце ў 2 разы. Калі ацэньваць рост заробкаў без уліку росту коштаў, то гэта атрымалася. У жніўні 2020 года, калі Лукашэнка ў чарговы раз абвясціў сябе прэзідэнтам, сярэдні заробак па краіне склаў 1 276,4 рублёў. А па выніках лістапада 2024 года – 2 331,8 рублёў. Калі ўлічыць інфляцыю, то, беларусы, канешне, не сталі багацейшымі ў два разы.
Нават у перадвыбарчай праграме Лукашэнка прагаварыў планы па вялікай будоўлі дарог і мастоў, чаго раней не было. Актыўна ён кажа пра гэта пытанне каля году. «Белсат» вывучаў гэтае пытанне – магчыма, такая актыўнасць Лукашэнкі звязаная з памяншэннем фінансавання інфраструктурных праектаў краінамі ЕЗ і праблемамі са збытам бітуму.
З навінак праграмы – абяцанне базавых рэчаў для людзей, то бок даступнае жыллё, транспарт у кожным населеным пункце, добраўпарадкаваныя вуліцы і пляцоўкі для адпачынку, хуткасны інтэрнэт, чыстая вада, электра- і газазабеспячэнне, аб'екты культуры і спорту, гандлю і грамадскага харчавання.
Нечакана з’явілася і абяцанне павысіць якасць сувязі і хуткасць інтэрнэту за конт увядзення 5G. Праўда, ужо былі навіны, што амаль усё па гэтым пытанні гатова.
У адрозненні ад папярэдняй праграмы, не было размовы пра ліквідацыю залежнасці ў нафтагазавай, фінансавай і іншых сферах. Нават калі не ўлічваць саўдзел у вайне супраць Украіны, за апошні тэрмін Лукашэнкі Беларусь стала яшчэ больш залежнай ад Расеі – падпісаная дамова, згодна з якой Беларусь аддае звесткі аб сваіх падаткаплатніках Расеі ў абмен на кампенсацыю за падаткавы манеўр.
Традыцыйна Лукашэнка згадвае барацьбу з карупцыяй – яна павінна быць «непрымірымай», каб не ствараць перашкоды развіццю дзяржавы. Пра гэта ён не казаў толькі ў праграме 2020 года.
Лукашэнка не можа прапанаваць новага

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка кажа «Белсату», што звярнуў увагу ў праграме на тры моманты. Першы – па-сутнасці нічога новага яна людзям не прапануе. Можа, толькі 5G, але гэта робіцца не сіламі дзяржавы, падкрэслівае эксперт.
«Праграма кансерватыўная і перспектываў там няма», – кажа ён.
Па-другое, праграма прымірэнчая.
,,«Па-трэцяе, гэта праграма, у якой адсутнічае слова “я”. І нават візуальна выкарыстаны настолькі адфаташоплены здымак Лукашэнкі, быццам гэта не ён. Гэта было б дробяззю, але насамрэч гэта вельмі каларытна дэманструе, наколькі няма асобы ў палітыцы, а абсалютна адвязаны ад народа, ад кампаніі вобраз, абсалютна забранзавелы і нават візуальна воскам пакрыты», – кажа Мажэйка.
Калі рабіць высновы з праграмы, то становіцца ясна, што Лукашэнка не здольны прапанаваць нічога новага, лічыць эксперт.
«Асцярожна, мімаходам сказана пра атамную энергетыку і космас, нават без дэталяў, каб не ганьбіцца з тым, як беларускую касмічную турыстку выдаюць за касманаўтку. Але акрамя гэтага і сказаць няма чаго. Аніякай будучыні. Толькі бясконцае “цяпер” і вяртанне ў мінуўшчыну. Абсалютна ясна для аўтакрата-дзеда, але абсалютна не цікава з пункту гледжання будучыні Беларусі», – падводзіць рысу Вадзім Мажэйка.
Арсен Рудэнка belsat.eu