13 студзеня 2025 года, а перад гэтым – 9 студзеня, польская памежная ахова не фіксавала ніводнай спробы незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. 7 і 8 студзеня мігранты спрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы менш за 10 разоў у содні.
Змяншэнне колькасці мігрантаў на мяжы можа быць звязанае з халодным надвор’ем, а акрамя таго, BYPOL паведамляў, што большую іх частку вывезлі з заходніх рэгіёнаў Беларусі яшчэ ўвосень 2024 года «з мэтай недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў у студзені 2025 года».
,,«Наш суразмоўца таксама паведаміў, што нелегалаў вывезлі ў суседнюю Расею. Інфармацыі пра колькасць і грамадзянства гэтых людзей, а таксама пра далейшыя планы наконт іхнага лёсу, у нас пакуль няма. Але вядома дакладна, што вяртаць нелегалаў у краіну рэжым пакуль не збіраецца», – сцвярджае BYPOL.
13 студзеня памежнае Падляскае ваяводства наведаў кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семоняк. Ён распавёў, што на дадзены момант Польшча не разглядае адкрыцця зачыненых памежных пераходаў з Беларуссю, а таксама пра далейшае ўзмацненне мяжы з мэтай барацьбы з нелегальнай міграцыяй з беларускага боку.
У 2024 годзе польскія памежнікі зафіксавалі 30 тысячаў спробаў незаконнага перасячэння мяжы, у 2023 годзе – 26 тысячаў.
10 снежня 2024 года Польшча працягнула дзеянне буфернай зоны, уведзенай на мяжы з Беларуссю 13 чэрвеня мінулага года, яшчэ на 90 дзён. Польскі МУС сцвярджае, што буферная зона магла паспрыяць зніжэнню аб’ёмаў нелегальнай міграцыі.
Крызіс на заходніх межах Беларусі трывае з вясны 2021 года. Менавіта тады, у адказ на санкцыі Еўразвязу, улады Беларусі пачалі выкарыстоўваць мігрантаў для атакі межаў заходніх суседзяў. Краіны ЕЗ назвалі такія дзеянні гібрыднай агрэсіяй.
Марыя Міхалевіч belsat.eu