навіны

Ці зрабілася кіраванне Байдэна для ЗША «жахлівымі чатырма гадамі»?

Джо Байдэн. Фота: ru.usembassy.gov
Джо Байдэн. Фота: ru.usembassy.gov
podpis źródła zdjęcia

13 студзеня прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, які ў 2025 годзе пакідае пасаду, саступаючы месца Доналду Трампу, выступіў у Дзяржаўным дэпартаменце і падвёў вынікі сваёй працы цягам чатырох гадоў ў замежнай палітыцы. Разам з амерыканістам Антонам Пянькоўскім «Белсат» прааналізаваў ягоныя найбольш адметныя заявы. 

Да каго звяртаўся Байдэн

На самым пачатку размовы Антон Пянькоўскі прапанаваў паглядзець, на каго найперш была скіраваная прамова Джо Байдэна.

На думку эксперта, амерыканскі прэзідэнт звяртаўся да кіраўніцтва амерыканскага замежнапалітычнага ведамства – Дзяржаўнага дэпартаменту. І мэтаю было пападзякаваць ім за плённую працу, за дасягненні на працягу гэтага тэрміну і фактычна развітацца з імі. Бо, як відаць, адзначае Пянькоўскі, у хуткім часе ў замежнапалітычным амерыканскім ведамстве адбудуцца значныя змены, і значная частка топавых дыпламатаў амерыканскага ўраду хутка сыдзе, а на змену ім прыйдзе каманда Доналда Трампа. 

Па-другое, гэтая прамова была скіраваная на амерыканскае грамадства, каб падкрэсліць дасягненні ў вонкавай палітыцы Злучаных Штатаў Амерыкі. 

,,

«Як мы ведаем, амерыканцы ўвогуле не вельмі цікавяцца вонкаваю палітыкаю, калі гэта не закранае іх асабіста. Але Украіна сталася вельмі балючым для іх пытаннем, бо яны адчуваюць цяжкасці з боку росту коштаў і падаткаў», – адзначыў наш суразмоўца. 


Дапамога Украіне

Як адзначыў Антон Пянькоўскі, паводле звестак, даступных на афіцыйных крыніцах, дапамога ўраду ЗША Украіне за 2023 год дасягнула 117 мільярдаў долараў. Кошты за 2024-ы яшчэ ў працэсе падліку, але цалкам імаверна, яны могуць дасягнуць ці нават перавысіць 90 мільярдаў долараў. Вядома ж, калі параўнаць гэтую дапамогу з тою, што надаецца іншым краінам, то яна вельмі вялікая. 

Аднак, адзначыў суразмоўца, урад ЗША падчас кіравання Джо Байдэна моцна крытыкаваўся за пэўныя затрымкі дапамогі Кіеву. Праўда, на ягоную думку, у гэтым немагчыма вінаваціць самога Байдэна, бо ён імкнуўся прытрымлівацца пэўнага балансу, дасягаючы пагаднення паміж прадстаўнікамі як Дэмакратычнай, гэтак і Рэспубліканскай партыяў, каб гэтыя кошты былі выдаткаваныя і каб пад адпаведнымі дакументамі з’явіліся подпісы амерыканскіх заканадаўцаў.  

,,

«Мы памятаем, як больш за год таму вялісія вельмі вялікія дэбаты наконт гэтай угоды паміж амерыканскімі рэспубліканцамі і дэмакратамі наконт дапамогі Украіне. І калі мы вельмі спрасцім гэтую сітуацыю, там ішоў гандаль паміж зменамі ў міграцыйным заканадаўстве і пэўнымі дзеяннямі адносна мігрантаў, чаго патрабавалі рэспубліканцы, у абмен на дастатковую дапамогу Украіне», – адзначыў Антон Пянькоўскі. 


Такім чынам, падсумаваў суразмоўца, у пытанні дапамогі Украіне было вельмі шмат перашкодаў з боку Кандрэсу ЗША, і трэба разумець, што амерыканцы славяцца сваёй бюракратыяй. А ў звязку з гэтым абвінавачваць Джо Байдэна ў пэўнай нерашучасці будзе не вельмі аб’ектыўна.

Дапамога Украіне не спыніцца?

Каментуючы словы Джо Байдэна пра тое, што праца ў дапамозе Украіне яшчэ не завершаная і яе нельга кінуць, Антон Пянькоўскі заўважыў, што тут таксама трэба ўлічваць бюракратычны працэс у амерыканскай сістэме. А значыць, сродкі, зацверджаныя за апошнія некалькі месяцаў, толькі цяпер пачынаюць выдаткоўвацца і толькі цяпер прыходзяць ва Украіну. Таму гэты працэс будзе працягвацца яшчэ і ў першыя некалькі тыдняў, а магчыма, нават і месяцаў кіравання Доналда Трампа.

«У медыйнай прасторы мы можам чуць пра пэўныя планы Доналда Трампа неяк прымусіць Украіну да дыялогу і неяк скараціць гэтую дапамогу. Але трэба разумець, што сродкі могуць паменшыцца, але ўвогуле гэтая дапамога не перапыніцца», – адзначыў суразмоўца.

Пры гэтым Пянькоўскі заўважыў, што ў час першага тэрміну прэзідэнцтва Доналда Трампа сродкі, якія выдаткавалі амерыканскія падаткаплатнікі на дапамогу Украіне, таксама былі істотныя. І гэта таксама разумее Джо Байдэн, які пакідае Белы дом. 

Доналд Трамп і Сі Цзінь Пінам. Крыніца: aa.com.tr
Доналд Трамп і Сі Цзінь Пінам. Крыніца: aa.com.tr

Самыя жахлівыя чатыры гады?

У прамове Джо Байдэн адзначыў, што Амерыка зноў сталася лідарам у свеце, на што тут жа адрэагаваў Доналд Трамп, назваўшы час кіравання Байдэна «чатырма жахлівымі гадамі». Мы спыталі ў Антона Пянькоўскага, ці ёсць падставы для такіх абвінавачанняў.

На думку суразмоўцы, каб адказаць на гэтае пытанне, трэба глядзець аб’ектыўна на эканамічны стан Злучаных Штатаў. Бо менавіта Джо Байдэну «пашчасціла» сутыкнуцца з наступствамі эпідэміі COVID-19, якая нанесла вельмі моцны ўдар амерыканскай эканоміцы – таму ва ўнутранай эканамічнай палітыцы было ўсё вельмі складана. 

Акрамя таго, на думку Пянькоўскага, трэба згадаць, як ЗША выходзілі з Афганістану ў 2020–2021 гадах. І гэты эпізод у гісторыі таксама вельмі моцна крытыкуецца прыхільнікамі Доналда Трампа. 

,,

«Вядома, як у любога палітыка, у Джо Байдэна былі вялікія дасягненні і таксама тыя моманты, якія, можна аб’ектыўна казаць, крышачку не ўдаліся. Але гэта нармальна. Джо Байдэн – прафесійны палітык з вельмі вялікім досведам, які намагаўся зрабіць усё, што магчыма, каб усё ж такі падтрымаць амерыканскае грамадства і неяк падвысіць стаўкі ў вонкавай палітыцы ды ролю амерыканскага ўраду на сусветнай арэне», – заўважыў Пянькоўскі. 


Якімі будуць стасункі паміж ЗША і Кітаем

Падчас прамовы Джо Байдэн заявіў, што ЗША застаецца самай моцнай эканомікай свету, і Кітаю не ўдалося яе абысці. Пры гэтым, на думку Антона Пянькоўскага, пры Доналду Трампу стасункі паміж ЗША і Кітаем могуць пагоршыцца.

Суразмоўца нагадаў, што сведкам першай вельмі вялікай канфрантацыі Злучаных Штатаў з Кітаем свет стаўся менавіта за часоў першага прэзідэнцтва Доналда Трампа, які адзначыўся моцнымі антыкітайскімі заявамі. Таксама мы ўбачылі, як сенатар Джон МакКейн накладаў вельмі сур’ёзныя абмежаванні на тэхналагічную супрацу з Кітаем.

Пры гэтым Джо Байдэн у пэўным сэнсе працягнуў такую палітыку, няхай і ў больш мяккай форме: можна сказаць, што ён трымаўся таго ж курсу, што быў запачаткаваны Доналдам Трампам. Таму значных зменаў падчас кадэнцыі ў стансунках паміж дзвюма краінамі мы не ўбачылі.

«Ці можам мы чакаць ізноў вельмі агрэсіўнага пагаршэння амерыкана-кітайскіх стасункаў? Мяркую, што так. Бо мы ўвогуле бачым вельмі сур’ёзныя заявы наконт іншых тэрыторыяў: Панамы і Грэнландыі. І мы бачым, што гэты градус заяваў ды амбіцыяў новай адміністрацыі са старту вельмі-вельмі вялікі. Мяркую, Кітай будзе вельмі незадаволены першымі дзеяннямі Доналда Трампа ў Белым доме», – падсумаваў суразмоўца.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10