Меркаваннi

Стратэгія на «выбары» – пабачыць злачынцу ў твар

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік ДАІ выходзіць з кабіны для галасавання падчас датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Глыбокае, Менская вобласць, Беларусь. 4 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік ДАІ выходзіць з кабіны для галасавання падчас датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Глыбокае, Менская вобласць, Беларусь. 4 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Тое, што ўлады Беларусі называюць выбарамі, пасля навагодніх святаў уваходзіць у сваю фінальную фазу. Нягледзячы на перадвызначанасць вынікаў, агульную апатыю і адсутнасць актыўнасці, пытанне стратэгіі адносна так званага плебісцыту застаецца актуальным. Што рабіць у дні, якія засталіся, і ў сам дзень галасавання?

Нашыя бяда і шчасце адначасова, што беларусы – звышзаконапаслухмяны народ.

Чаму бяда? Бо менавіта гэтым, як паказала практыка таго ж 2020 года, скарысталіся фактычныя захопнікі ўлады ў краіне, калі супраць кветак выставілі БТРы, а на прапанову размаўляць са звычайнымі грамадзянамі адказалі брутальным гвалтам і катаваннямі.

Чаму шчасце? Бо адным з ключавых фактараў поспеху грамадства ёсць ступень даверу паміж яго чальцамі. А гэта фармуе трывалы грунт для сацыяльнай устойлівасці. Даследаванні паказваюць, што калі б, напрыклад, у Расеі быў такі ж узровень даверу, як у Швецыі, то яе ВУП на душу насельніцтва быў бы амаль на 70 % большы. Беларускія паралелі могуць быць цалкам сувымерныя.

На жаль, узровень гатовасці грамадства будаваць стасункі на падставе закону цалкам разбіваецца аб крымінальнае грэбаванне правам на найвышэйшых адміністрацыйных узроўнях.

У звязку з гэтым падаецца цалкам натуральным засяроджвацца на патрабаванні выконваць агульнапрыняты закон на ўсіх узроўнях. Прага беларускага грамадства да справядлівасці выглядае цалкам натуральным падмуркам для выбудоўвання любых стратэгіяў і правядзення палітычных зменаў у краіне.

Таму невыкарыстанне так званай перадвыбарчай кампаніі, якая хоць і адміністратыўна-каманднымі метадамі, але ахоплівае ўсю краіну, выглядае недальнабачным. Досвед паказвае, што нават у беларускай турме можна выкарыстоўваць баландзёраў, каб дасягнуць сваіх мэтаў у наладжванні камунікацыі.

Што ж маем? Не паспелі абвясціць даты так званых выбараў, як мы ўжо пачулі да болю знаёмыя мантры пра галасаванне супраць усіх, пра байкот, пра «разумнае галасаванне» за «клоўна» і да таго падобнае. Дайшло нават да таго, што дакументы на рэгістрацыю падаў кандыдат з-за мяжы, то бок зрабіў спробу паставіць сваё прозвішча ў бюлетэнь нароўні з агульнапрызнаным крымінальным злачынцам.

Пры гэтым злачынца яшчэ з 2020 года ясна даў зразумець, хто ёсць галоўнай небяспекай для існавання ягонай дыктатуры ў Беларусі. Гэта тыя беларусы, ад каго ён бегаў з аўтаматам, тыя, з кім ён абяцаў «красаўцам» «разабрацца». Хаатычна сфармаваныя групы з соцень тысяч людзей, аб’яднаныя адной ідэяй і тактыкай дзеянняў. Нездарма ён настолькі спужаўся беларускага народу, які з'явіўся знянацку, што вымушаны быў адступіць і толькі чакаць моманту – у адсутнасць уцямнага лідарства ў грамадскім руху, – каб скіраваць шакалаў лавіць людзей паасобку.

Менавіта ад магчымасці з’яўлення такой кансалідацыйнай ідэі, разумення людзьмі ўласнай здольнасці ўплываць на сітуацыю, не азіраючыся на нямоглых палітыкаў, і прагрэсуе сістэмны трэмар з часу 2020 года. Думкі пра гэтую небяспеку не пакідаюць нават, здавалася б, ва ўмовах татальнай зачысткі любой грамадскай актыўнасці.

Што можа натхніць людзей «рабіць нечаканае, рабіць, як не бывае, рабіць, як не робіць ніхто»? Па-першае, вядома, змена парадыгмы ад «выкарыстання людзей у інтарэсах "выбараў" да выкарыстання "выбараў" у інтарэсах людзей».

Менавіта 2020 год на прыкладзе актыўнага збору подпісаў, назірання і лоўлі фальсіфікатараў за рукі паказаў, што народ паставіў выбарчы працэс такім чынам, як гэта трэба было людзям для аб’яднання, не даўшы сябе выкарыстаць нікому. Несумненна, такія ж інструменты зараз не спрацуюць (у адну раку не ўвойдзеш двойчы), але прынцып застаецца цалкам прыдатным.

Па-другое, навязванне сістэме свайго падыходу да «выбарчага» працэсу, зыходзячы з інтарэсаў народу і краіны, а не вузкага кола асобаў, зацікаўленых у выбарчым фарсе і дыктатарскім статус-кво. Спроба гуляць у шахматы з гросмайстрам лігі «Не да законаў» асуджаная на загадзя вядомы вынік.

Зыходзячы з гэтых перадумоваў, бадай адзіным слушным сцэнаром дзеянняў выступае знаходжанне апірышча ў празе беларусаў да справядлівасці – гэта і ёсць аб’яднаўчая ідэя, вакол якой можна выбудоўваць тактыку дзеянняў. Адказам грамадства на спробы ўцягнуць сябе ў гульню паводле прынцыпаў «выбарчага заканадаўства» павінна быць навязванне ўласнай гульні паводле прынцыпаў «крымінальнага заканадаўства».

Мы маем справу з чарговай спробай асобы, дэ-факта прызнанай грамадствам асабліва небяспечным злачынцам, які ў складзе добра арганізаванай злачыннай групоўкі здзейсніў доўгі шэраг асабліва цяжкіх злачынстваў грамадска небяспечным шляхам (злачынствы супраць чалавечнасці).

Юрыдычныя падставы для кваліфікацыі гэтых дзеянняў, прызначэнне фармальных статусаў адпаведным асобам і вызначэнне далейшых працэсуальных дзеянняў у іх дачыненні цяпер фармуюцца адразу ў некалькіх юрыдычных плынях: Міжнародным крымінальным судом і ў межах нацыянальных механізмаў універсальнай юрысдыкцыі (напрыклад, працэс у Літоўскай Рэспубліцы). Аднак людзі ў Беларусі хочуць дзеяць паводле закону ўжо сёння – і таму мусяць атрымаць адпаведныя інструменты.

Галасаванне на «выбарах» не мае ніякага значэння ва ўмовах татальных фальсіфікацыяў, але не варта кідацца ў роспач: нават ва ўмовах татальнага кантролю за яўкай падаецца добрай нагодай пабачыць у твар, даведацца імя і прозвішча той «сістэмнай асобы» з ліку сілавога блоку, падкрэслена ветліва ўсміхнуцца чальцам так званай выбарчай камісіі. Каб яны ведалі, што ў нейкі дзень сусед можа прыйсці і рэалізаваць сваё законнае права ў межах заканадаўства Беларусі на падставе міжнародных судовых пастановаў. «Так, вы нас загналі, але мы будзем ведаць дакладна, хто спрычыняецца да гэтага злачыннага працэсу», – такім лозунгам можна кіравацца, нават калі няма іншага выйсця, як толькі прыйсці на выбарчы ўчастак пад прымусам.

Справа дэмакратычных сілаў – паставіць асноўнае пытанне на парадак дня. Іх задача – прасоўваць факты крымінальных працэсаў супраць галоўнага «кандыдата», распавядаць пра непазбежную адказнасць не толькі яго, але і ўсіх тых, хто яму дапамагае. Важна сфармаваць крытычную грамаду людзей, апантаных усведамленнем, што абіраецца злачынца, – гэта і можа аб’яднаць грамадства да далейшых дзеянняў, як мы бачылі ў 2020-м.

Людзям неабходна пабачыць, што менавіта яны ў пэўны момант могуць адыграць галоўную ролю ў лёсе краіны. Як гэта амаль удалося ў 2020 годзе.

Калі ж гэта ператворыцца ў цалкам дэцэнтралізаваную сетку прававога грамадзянскага супраціву, навіслую над сістэмай, у пэўны момант хопіць аднаго ўмоўнага «Ігара Макара» са службы аховы так званага прэзідэнта, каб мірныя памкненні 2020 года нарэшце атрымалі сваё лагічнае завяршэнне.

Хтосьці можа сказаць, што такі сцэнар выглядае неверагодным. Але калі мы не будзем верыць у сваіх людзей, напэўна, не варта ўвогуле спрабаваць браць адказнасць за штосьці ў іхным лёсе. Беручыся рухаць цягнік у абазначаным кірунку, мы павінны з адказнасцю паставіцца да таго, каб кожны яго пасажыр трапіў на канчатковую станцыю прызначэння.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10