Першыя дадзеныя расшыфроўвання чорных скрыняў з азербайджанскага лайнера, які пацярпеў крушэнне пад казахстанскім горадам Актаў 25 снежня 2024 года, не пацвярджаюць часткі інфармацыі пра інцыдэнт, якая фігуруе ў медыях, заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, паведамляе «Интерфакс».
У рамках расследавання, у якім бярэ ўдзел Расея, ужо адбылася адмысловая сустрэча ў Бразіліі.
,,«Мы ацанілі, што азербайджанскія сябры неадкладна падтрымалі ўдзел Расейскай Федэрацыі, з улікам усіх фактараў, у расследаванні. <…> адкрылі «чорныя скрыні», іх змесціва ўжо дало нямала цікавай інфармацыі, якая лішні раз пераконвае, што неабходна дачакацца паўнавартаснага расследавання і на нагнятаць атмасферу ў медыйнай прасторы», – сказаў Лаўроў.
25 снежня 2024 года каля Актаў у Казахстане разбіўся самалёт «Embraer 190», што выконваў рэйс J28243 з Баку ў Грозны. На борце былі 67 чалавек – 62 пасажыры і 5 чальцоў экіпажу. Пасля ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі на борце дыспетчары адмовілі яму ў пасадцы ў Грозным і Махачкале.
Лайнер некалькі разоў спрабаваў здзейсніць вымушаную пасадку і быў перанакіраваны праз Каспійскае мора ў Казахстан. Не даляцеўшы да аэрапорту Актаў некалькі кіламетраў, самалёт упаў пасярод стэпу і выбухнуў. Насавая частка цалкам згарэла, хваставая адвалілася і ацалела. Менавіта ў ёй былі 29 пасажыраў, якія выжылі. Іх даставілі ў шпіталь Актаў.
Спачатку гучала версія, што аварыя здарылася праз сутыкненне самалёта з птушкамі. Пазней стала вядома, што прычына няспраўнасцяў у самалёце – вонкавае ўздзеянне, а менавіта абстрэл з расейскіх сродкаў паветранай абароны. Пуцін выказаў прабачэнні прэзідэнту Азербайджану Аліеву ў звязку з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі. Але Аліева гэта не задаволіла, і 29 снежня ён пацвердзіў, што самалёт атрымаў пашкоджанні ў выніку абстрэлу з зямлі. Паводле яго, у першыя дні ад Расеі не было «нічога, акрамя версіяў, поўных трызнення», што «адкрыта паказвала: расейскі бок хоча замяць пытанне, і гэта, вядома, нікому не робіць гонару».
6 студзеня на сустрэчы з сем’ямі загінулых чальцоў экіпажу Аліеў «з упэўненасцю» заявіў, што «віна за гібель грамадзянаў Азербайджану ў гэтай аварыі ляжыць на прадстаўніках Расейскай Федэрацыі».
«Мы патрабуем справядлівасці, мы патрабуем пакараць вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасці і гуманных паводзінаў», – сказаў ён.
У адказ прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў зазначыў, што Пуцін і Аліеў двойчы размаўлялі па тэлефоне, Пуцін «перапрасіў і выказаў словы шкадавання».
Казахстан пастанавіў перадаць чорныя скрыні з самалёта «Embraer 190» Азербайджанскіх авіялініяў, які разбіўся каля Актаў, у Бразілію для аналізу. Гэта, на думку ўладаў Казахстану, дазволіць зрабіць больш дакладны аналіз самапісцаў, бо Бразілія ёсць краінаю – вытворцаю самалёта «Embraer 190».
Марыя Міхалевіч belsat.eu