навіны

Ціханоўская прыехала ў Гаагу. Нідэрланды паабяцалі не прызнаваць выбараў-2025

Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Нідэрландаў Дык Схоўф
Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Нідэрландаў Дык Схоўф. Гаага, Нідэрланды. 13 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
podpis źródła zdjęcia

Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам і міністрам замежных справаў Нідэрландаў, выступіла з прамовамі ў офісе Хельсінкскага камітэту і інстытуце «Clingendael».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 13 студзеня наведала Гаагу і ўпершыню правяла афіцыйную сустрэчу з новым прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Дыкам Схоўфам, піша Офіс Ціханоўскай. Раней палітыкі сустракаліся толькі каротка на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці.


На афіцыйнай сустрэчы Ціханоўская падзякавала Схоўфу за паслядоўнае падтрыманне Нідэрландамі дэмакратычных сілаў Беларусі і прынцыповую палітыку непрызнання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Схоўф запэўніў, што гэты падыход не зменіцца, а Нідэрланды не прызнаюць лукашэнкаўскіх выбараў 2025 года, працягнуць падтрымліваць рэпрэсаваных беларусаў, намаганні для вызвалення палітвязняў і прыцягнення вінаватых у рэпрэсіяў для адказнасці. Ціханоўская таксама падкрэсліла важнасць павелічэння фінансавага падтрымання незалежных медыяў і праваабарончых арганізацыяў.

Чытайце таксама:
Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская разам са спікеркай Сенату Польшчы Малгажатай Кідавай-Блоньскай пасля прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

У Польшчы не прызнаюць выбараў у Беларусі і працягнуць падтрымліваць беларусаў

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Сярод кандыдатаў – Лукашэнка і тыя, хто яго падтрымлівае або прынамсі не выступае супраць яго. «BELPOL» ужо расказаў у дэталях, якія механізмы ўжываюцца для фальсіфікацыі гэтых выбараў. Эксперты прагназуюць, што Лукашэнку без падліку галасоў напішуць далёкія ад праўды 80–90 %. Рэальную апазіцыю да выбараў не дапусцілі. Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна. 


Еўрапейскі парламент ужо падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі і шэраг краінаў заклікалі не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі. Не прызнаць гэтыя выбары ўжо паабяцаў парламент Польшчы.

Сустрэча міністра замежных справаў Нідэрландаў Каспара Вэлдкампа са Святланай Ціханоўскай. Гаага, Нідэрланды. 13 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Сустрэча міністра замежных справаў Нідэрландаў Каспара Вэлдкампа са Святланай Ціханоўскай. Гаага, Нідэрланды. 13 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас візіту ў Гаагу Ціханоўская сустрэлася таксама з міністрам замежных справаў Нідэрландаў Каспарам Вэлдкампам. Яна выказала ўдзячнасць міністру і ўраду Нідэрландаў за прынцыповую пазіцыю і пастаяннае падтрыманне Беларусі, у тым ліку праз праграмы «Matra» і «Human Rights Fund». Міністр запэўніў Ціханоўскую, што падтрыманне будзе працягвацца. Бакі абмеркавалі выбары: Ціханоўская падкрэсліла, што для дэмакратычных выбараў у Беларусі няма ўмоваў, а рэпрэсіі ў часе электаральнай кампаніі толькі ўзмацняюцца.


З Вэлдкампам Ціханоўская абмеркавала і вызваленне палітвязняў, і дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі, і пашырэнне санкцыяў супраць адказных за рэпрэсіі, і ролю Беларусі ў патэнцыйных мірных перамовах у дачыненні Украіны, і магчымасць арганізацыі дыскусіі пра Беларусь на найбліжэйшым саміце NATO ў Гаазе.


«Я меў натхняльную сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, лідаркай беларускіх дэмакратычных сілаў, – сказаў Вэлдкамп пасля сустрэчы. – Глыбока ўражаны ейнай адвагай і стойкасцю, з якімі яна ўздымае голас народу Беларусі. Іхны заклік да дэмакратычнай будучыні павінен быць пачуты і паважаны. Я падкрэсліў, што свабодныя, справядлівыя і дэмакратычныя выбары ёсць абсалютна неабходнымі. Нідэрланды таксама заклікаюць рэжым неадкладна вызваліць усіх больш як 1300 палітвязняў. Праваабаронцы і незалежныя медыі могуць працягваць разлічваць на нашае падтрыманне».


У Гаазе Ціханоўская таксама правяла сустрэчу з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў у офісе Хельсінкскага камітэту і з экспертамі ў інстытуце «Clingendael», які спецыялізуецца на міжнародных справах, выступіла з прамовамі перад экспертамі ў іх.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10