Кіраўнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак распавёў, што вядома пра затрыманні беларусаў, якія ехалі ў Беларусь з-за мяжы на Каляды і Новы год.
«BYSOL вядома пра не менш як восем арыштаў на мяжы пры вяртанні беларусаў на радзіму на святы», – напісаў Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.
12 студзеня стала вядома пра затрыманне на мяжы цяжарнай беларускі. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што жанчына ў 2020 годзе пакінула ў сацсетках абразлівыя каментары на адрас міністра ўнутраных справаў Беларусі Івана Кубракова. Пасля гэтага яна з'ехала ў Літву. За мяжой жанчына зацяжарыла і вырашыла вяртацца на радзіму.
Як толькі беларуска перасякла мяжу, яна была затрыманая.
У 2024 годзе затрымалі прынамсі 55 беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы.
Перад Калядамі, у 20-я дні снежня, на польска-беларускай мяжы збіраліся вялізныя чэргі з ахвочых выехаць на святы ў Беларусь. На пачатку студзеня 2025 года большасць з гэтых людзей паехала назад у Польшчу, што стварыла чэргі ў зваротным кірунку – на 13 студзеня чакаць выезду з Беларусі на прапускным пункце «Берасце – Тэрэспаль» даводзіцца да чацвёра содняў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu