Зліў перапіскі прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнай бяспекі Вадзіма Кабанчука пацвярджае тое, што Васілю Верамейчыку забаранілі ўезд ва Украіну ў выніку перадузятага стаўлення былога кіраўніцтва палка, у тым ліку Кабанчука, а не з аб’ектыўных прычынаў. Такую заяву зрабіла ў эфіры «Белсату» жонка Верамейчыка Яўгенія. Яна таксама звярнулася да Кабанчука, Пераходнага кабінету і палка Каліноўскага.
«Тое, што мы з Васілём ведалі, стала вядома публічна»
У зліве перапіскі Вадзіма Кабанчука, які на той момант быў намеснікам кіраўніка палка Каліноўскага, ён гаворыць пра Васіля Верамейчыка з спецпрадстаўніком офісу Ціханоўскай ва Украіне Генадзем Манько. Яны абмяркоўваюць нейкі дакумент, які датычыць Верамейчыка, і нібыта сувязь з палітыкам Вадзімам Пракоп'евым. З размовы не зразумела дакладна, у чым праблема, але відавочна гэта не падабаецца Кабанчуку.
,,«Бачыш, якія цікавыя дэталі высвятляюцца ... Тут, падобна, кубло такое сплецена было ўжо даўно», – піша ён Манько.
Яўгенія Верамейчык упэўненая, што былое кіраўніцтва і Вадзім Кабанчук зрабілі ўсё, каб Верамейчыку забаранілі ўезд ва Украіну. Пасля яму адмовілі ва ўездзе ў Літву, і ў выніку ён быў з В’етнаму перададзены ўладам Беларусі.
,,«Я адчула палёгку, – каментуе зліў Яўгенія. – Таму што тое, што мы з Васілём ведалі альбо здагадваліся на 99 %, стала вядома публічна. І ў нас з’явіліся фармальныя доказы, на падставе якіх мы можам звяртацца да асобаў, датычных да таго, што ў Васіля з’явілася забарона на знаходжанне ва Украіне».
Пасля таго, як ліставанне Кабанчука з’явілася ў сеціве, ён не звязваўся з Яўгеніяй, распавядае яна.
«Я пакінула яму каментар пад допісам у Facebook, на што ён мне адказаў, што ён не вельмі разумее, чаму цяпер варта ўздымаць гэтае пытанне, што з таго, што мы цяпер знімем гэтую забарону [на ўезд. – Заўв. рэд.] ці не. Я гэтую размову з ім не працягвала ў сацыяльных сетках і звярнулася да журналістаў, бо хацела, каб мой каментар пачула як мага больш людзей», – працягвае Яўгенія.
Яна лічыць, што Верамейчык пацярпеў падчас унутранага канфлікту і падзелу ўлады ў палку Каліноўскага.
«Мы цяпер бачым, што Васіля скарысталі дзеля дасягнення мэтаў іншых людзей. Мы ведалі, што ў палку адбываецца нейкі падзел уладаў. Трэба разумець, што кіраўніцтва палка цяпер іншае. То бок, мы кажам пра 2022 год і пра тых людзей, якія былі ў кіраўніцтве на той час.
Гэтыя людзі хацелі захаваць манаполію над беларускім рухам ва Украіне. Яны не жадалі прыслухоўвацца, дзяліцца гэтай уладай і рабілі ўсё магчымае, каб не пакідаць побач з сабой людзей, якія прэтэндавалі на кіраванне, на тое, каб выказваць свае думкі. Васіль уласна такі чалавек», – працягвае Яўгенія.
Ці сапраўды канфлікт мог быць звязаны з Вадзімам Пракоп'евым, яна не ведае.
«Можна сказаць, што ў стане ён нармальным»

Што да Літвы, то выпадак з Верамейчыкам не адзіны такі ў дачыненні беларусаў. Ягоная жонка лічыць, што забарона на ўезд у ЕЗ і знаходжанне ў Літве маглі быць прынятая не толькі праз тое, што Верамейчык быў афіцэрам у беларускім войску, а і праз забарону Украіны.
«Паглядзелі, што чалавеку забаронены ўезд ва Украіну – значыць, нешта там не чыста», – кажа Яўгенія.
Што цяпер адбываецца з Васілём, амаль не вядома.
«Усё што мы ведаем, – гэта тое, што ён у СІЗА КДБ. Ад яго дайшла пара лістоў. Можна сказаць, што ў стане ён нармальным. Больш мы нічога не ведаем. Ніякіх падрабязнасцяў крымінальнай справы, нічога», – кажа Яўгенія Верамейчык.
Трэба прызнаць памылку, каб дапамагчы Верамейчыку
Яўгенія падкрэслівае, што вельмі хоча звярнуцца да Аб’яднанага пераходнага кабінету, дзе цяпер Кабанчук, таксама да кіраўніцтва палка Каліноўскага і да самога Кабанчука.

«Я спадзяюся, што нас аб’ядноўвае жаданне бачыць вольную Беларусь, дзе будуць праяўляць пашану да законаў і правоў чалавека, – кажа ім Яўгенія. – Калі гэта так, то мы мусім не забываць, што адна з найгалоўнейшых каштоўнасцяў, што ляжыць у аснове канцэпцыі правоў чалавека, – гэта чалавечая годнасць. І мы мусім паважаць чалавечую годнасць, годнасць Васіля.
Мы мусім прызнаваць яго самадастатковым чалавекам і не выкарыстоўваць у дасягненні мэтаў іншых людзей. Мы бачым, што забарона на ўезд ва Украіну стала вынікам не нейкіх асабістых учынкаў Васіля. А гэта вынік падзелу ўлады, жадання захаваць манаполію на беларускі рух ва Украіне. І цяпер мы мусім зрабіць усё магчымае, каб ачысціць імя Васіля».
Калі ў кагосьці ёсць нейкія доказы супраць Верамейчыка, то варта паказаць іх адкрыта, падкрэслівае ягоная жонка.
,,«Калі мы імкнёмся ўсе разам да Беларусі, дзе будзе панаваць права, то, калі ў нас ёсць нейкія абвінавачванні, гэта ўсё мусіць адбывацца вельмі празрыста. Мы не карыстаемся сваімі сувязямі ў эміграцыі, з СБУ і іншае.Калі ў вас ёсць нейкія абвінавачванні, пакажыце іх, калі не – прызнайце, што вы зрабілі памылку. І зрабіце ўсё ад вас залежнае, каб гэту памылку выправіць».
Яна падкрэслівае, што цяпер ідзе вялікая і цяжкая праца, скіраваная на вызваленне яе мужа. Дзеля гэтага трэба ўзаемадзейнічаць з рознымі арганізацыямі і краінамі, а забарона на ўезд ва Украіну выклікае ў іх шмат пытанняў.
«Таму, каб працягваць гэтую справу, каб кейс з Васілём выглядаў больш зразумела для іншых арганізацыяў і краінаў, мы мусім сказаць, што так, забарона была, але гэта была памылковая забарона, і яна была знятая. Для нас [сям’і Васіля] гэта вельмі важна з усіх пералічаных пунктаў гледжання», – падводзіць рысу Яўгенія.
Кабанчук адмаўляе датычнасць да справы
Вадзім Кабанчук у размове з «Белсатам» адзначае, што ўжо тлумачыў у сацсетках, што не мае дачынення да забароны на ўезд Васіля Верамейчыка ва Украіну.

«Мне было б дзіўна, калі б хтосьці з беларусаў меў да гэтага дачыненне. Гэта прэрагатыва ўкраінскіх службаў», – кажа Кабанчук.
Што да падрабязнасцяў зліву і магчымай сувязі Верамейчыка з Пракоп'евым, Кабанчук дадаў, што размовы ў пытаннях бяспекі ішлі не толькі пра Васіля.
«Гэта рабочы працэс. Проста вырвалі з кантэксту фразу прозвішча Верамейчыка і прышылі да справы пра забарону на ягоны ўезд. Наколькі я памятаю, ён тады ўсплыў ускосна, бо з’явілася дадатковая інфармацыя пра сувязі людзей, якія нас цікавілі. І ў гэта поле трапіў Верамейчык», – адзначае Кабанчук.
Ён дадае, што не ведае, чаму Васілю маглі забараніць прыязджаць ва Украіну.
Беларускага добраахвотніка Васіля Верамейчыка затрымалі 13 лістапада 2024 года ў Ханоі.
Салдат ЗСУ Андрэй Кушнераў расказаў «Еўрарадыё», што ў ліпені 2022 года праз канфлікт у ПКК забарону на ўезд ва Украіну атрымаў Васіль Верамейчык і яшчэ некалькі байцоў, а Васіль увогуле баяўся за свае жыццё і таму спаў з гранатай.
У гэты час камандзірам палка быў Дзяніс Прохараў (Кіт), намеснікам – Вадзім Кабанчук. А за адміністрацыйна-тылавую працу адказвалі Арцём Войніч (Ваніш) і Мікалай Дземідзенка (Мікола). Апошнія два былі адхіленыя ад абавязкаў з прыходам да кіраўніцтва летам 2024 года Паўла Шурмея (Дзядзькі). Ён заявіў, што Ваніш і Мікола хацелі ператварыць полк Каліноўскага ва ўласную прыватную вайсковую кампанію. Таксама новае кіраўніцтва паабяцала правесці рэформы ў палку, якія сярод іншага датычаць фінансаў, рэкрутынгу і баяздольнасці.
Віталь Бабін, Арсен Рудэнка belsat.eu