Шуфлядка

Стары Новы год або Шчодры вечар? Якое з гэтых святаў больш беларускае

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

З 13 на 14 студзеня ў Беларусі часткова святкуецца Стары Новы год – свята з незразумелым назвай, сэнсам і не ўсім зразумелым паходжаннем. Паспрабуем разабрацца ў сэнсах і звычаях гэтага свята-аксюмарона, а таксама знайсці яму больш беларускі адпаведнік.

Вялікдзень у Менскім кафедральным саборы. (Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu)
Чаму каталікі і праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень у розныя дні. І калі гэта можа змяніцца навіны

Стары Новы год – адносна новае свята, трохі больш як 100 гадоў таму. Як мы ўжо пісалі раней, Еўропа з часоў Рымскай імперыі, пра якую, як вядома, шмат думаюць мужчыны, карысталася юліянскім календаром, уведзеным яшчэ на загад Гая Юлія Цэзара. Але перадавы для свайго часу каляндар з цягам часу пачаў адставаць ад рэчаіснасці. Калі адставанне назбірала ўжо дзесяць дзён, папа Рымскі Рыгор ХІІІ у 1582 годзе ўвёў новы каляндар – грыгарыянскі. Услед за ім на новы стыль перайшлі і каталіцкія краіны, у тым ліку і Рэч Паспалітая.

А вось пратэстанцкія і праваслаўныя паўтараць за каталікамі не спяшаліся. Дый у Рэчы Паспалітай паводле юліянскага календара працягвалі жыць праваслаўная і ўніяцкая цэрквы. Калі ж нашыя землі ў 1772-1795 гадах акупавала Расейскай імперыя, то юліянскі каляндар быў вернуты і ў афіцыйнае справаводства. Было так, пакуль Расейская імперыя не развалілася, і ў 1918 годзе новыя, бальшавіцкія, улады не ўвялі ўжо і ў ёй грыгарыянскі каляндар.

На той момант розніца паміж календарамі ўжо складала 13 дзён, у выніку чаго 1 студзеня паводле юліянскага календара сталася 14 студзеня паводле грыгарыянскага. То бок, Стары Новы год – гэта літаральна Новы год, але паводле старога стылю. Таксама як і Каляды 7 студзеня – гэта 25 снежня паводле юліянскага календара.

Захаванню памяці пра Новы год паводле юліянскага календара, відаць, спрыяла тое, што Расейская праваслаўная царква, часткай якой з’яўляецца і Беларуская ПЦ, дагэтуль літургічна жыве згодна са старым стылем. Ён застаецца важным для тых уцаркоўленых вернікаў, якія ў тым ліку трымаюць Калядны пост, бо якраз на яго час прыпадае новы Новы год. Для рэшты ж жыхароў былой імперыі, якія дагэтуль адзначаюць Стары Новы год, ён стаўся дадатковай нагодай для святкаванняў, хоць і сэнс свята яны не заўсёды разумеюць. Сам жа гэты дзень вуснамі расейскіх гумарыстаў кшталту Міхаіла Задорнава стаўся дадатковым сімвалам «загадкавай» славянскай або расейскай душы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навагодняя ілюмінацыя ў Менску, Беларусь. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навагодняя ілюмінацыя ў Менску, Беларусь. Фота: 1prof.by

Асаблівасцю Старога Новага года з’яўляецца і тое, што яго дата мае ссоўвацца ўслед за ростам адставання юліянскага календара ад грыгарыянскага. З 2100 года яго дата павінна перанесціся на 15 студзеня.

У суседняй Украіне гэтае пытанне часткова вырашылася, пасля пераходу Праваслаўнай царквы Украіны і Украінскай грэка-каталіцкай царквы з 2023 года на новаюліянскі каляндар. Цяпер у іх Каляды і Новы год святкуюцца паводле новага стылю – 25 і 31 снежня адпаведна. Адмовіліся ад юліянскага календара таксама і беларускія грэка-каталікі ды Віленскі беларускі праваслаўны прыход, што ў складзе Канстанцінопальскага патрыярхату.

А вось Беларуская праваслаўная царква ўслед за патрыярхатам Маскоўскім працягвае жыць паводле старога стылю. Таму і Новы год, паводле яго, для яе актуальны. Хоць патрыярх Кірыл, напрыклад, віншуе з Новым годам менавіта 1 студзеня, або 19 снежня паводле юліянскага календара.

Стары Новы год тым часам увайшоў у рытм жыцця беларускіх чыноўнікаў. І ў выніку святочную ілюмінацыю камунальныя службы пачынаюць прыбіраць менавіта пасля Старога Новага года, у ноч с 14 на 15 студзеня.

Шчодры вечар замест свята-аксюмарона

Агулам да праваслаўнага царкоўнага Новага года прывязанае ўсходнеславянскае народнае свята Шчодры вечар, або Шчодрык. Таксама гэты дзень мае назву Багаты вечар або Гагатуха. І калі ва Украіне святкаванне Шчодрага вечара ўжо перанеслі з 13 студзеня на 31 снежня, у Беларусі яно ўсё яшчэ прывязанае да Старога Новага года. Апроч таго, у царкоўным календары Шчодрык супадаў з успамінамі святых Маланні і Васіля, ад імёнаў якіх у свята бываюць рэгіянальныя назвы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шчодры вечар у Салігорску, Беларусь. Фота: esoligorsk.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шчодры вечар у Салігорску, Беларусь. Фота: esoligorsk.by

Пад гэты вечар кожная гаспадыня павінна была спячы бульбяную кішку і накрыць багаты стол. А дзяўчаты бавілі час у варажбе, каб даведацца, калі выйдуць замуж і адкуль прыйдзе жаніх. А кавалеры тым часам рабілі розныя няшкодныя фокусы, каб звярнуць увагу дзяўчат на сябе.

Традыцыйным звычаем Шчодрага вечара ёсць шчадраванне, даволі падобнае да калядавання. Падчас яго па дамах хадзілі групы моладзі, што спявалі шчадроўкі – песні, які ўслаўляюць гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей і гаспадарку. Шчадравалі, як пад вокнамі і гэтак і ў хатах. Хадзілі па хатах са Шчодрай – прыгожа ўбранай дзяўчынай. Традыцыйна вадзілі «казу» або іншую жывёліну («кабылку», «вала», «тура», «мядзведзя», «жорава») і спявалі песні:

,,

«Добры вечар, шчодры вечар Усім людзям на ўвесь вечар».


Шчадроўныя песні адрозніваліся ад калядных у асноўным рэфрэнам. Адна з такіх украінскіх шчадровак у перакладзе на англійскую мову сталася сусветна вядомым хітом «Carol of the Bells», што гучыць у тым ліку ў «Адзін дома».

На думку даследчыкаў, шчадраванне сыходзіць каранямі яшчэ ў дахрысціянскія, язычніцкія часы. Беларускі этнограф Яўхім Карскі выводзіў абрад яшчэ ад «сатурскіх вобразаў язычніцкіх Румалляў», нібы запазычаных са Старажытнага Рыма.

Конікі, цары і нязложаны Ірад

Звязаны Шчодры вечар і з народнымі прыкметамі. Гэтак, на Магілёўшчыне казалі, што калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы; калі ідзе снег і мяцеліца, то будуць раі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абрад Цары Каляды з вёскі Семежаў Капыльскага раёну, Беларусь. Фота: people.onliner.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абрад Цары Каляды з вёскі Семежаў Капыльскага раёну, Беларусь. Фота: people.onliner.by

Шчадраванне з Давыд-Гарадка Столінскага раёну пад назвай «Конікі» унесенае ў беларускі дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Цэнтральнай фігурай гэтага абраду ёсць вершнік на кані, адкуль і паходзіць назва – «Конікі». Традыцыйны з ім таксама хадзілі Баба, Дзед, Смерць, Бусел, Баран, Чорт.

У 2009 годзе яшчэ адзін беларускі абрад Шчодрага вечара, Цары Каляды з вёскі Семежаў Капыльскага раёну, нават быў унесены ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў ЮНЭСКО, як аб’ект, якому неабходная тэрміновая абарона. У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі ў адмысловых белых штанах і кашулях і з паходнямі, так званыя «цары». На грудзях кожнага з іх крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, на галаве – высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Цароў у хаджэнні па хатах суправаджаюць Дзед і Баба, а самі яны паказваюць драму «Цар Максіміліян».

У сам дзень свята Васіля Вялікага таксама хадзілі калядаваць. Але тады ўжо без пераапранання. На польскім Падляшшы беларусы ў тым ліку спявалі такую калядку:

,,

«Новае лета зачынае, новы Цар цара нізлагае

Убога ся народзіў, багатага засмуціў Ірода…»


Агулам жа царкоўны калядны перыяд сканчаецца 19 студзеня, разам са святам Вадохрышча. Паводле грыгарыянскага календара, гэтае свята прыпадае на 6 студзеня.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10