Аператыўна-аналітычны цэнтр Беларусі ануляваў запіс рэгістрацыі даменнага імя платформы для збору подпісаў і падачы калектыўных зваротаў petitions.by. Уласнікі сайту паведамілі пра гэта на іншай старонцы – e-petitions.by.
Уласнікі платформы распавялі, што значыць і чым можа пагражаць карыстальнікам ануляванне дамену:
,,«Дамен petitions.by больш не належыць нам і можа быць выкарыстаны трэцімі асобамі, уключаючы структуры, якія могуць выкарыстоўваць яго ў злачынных мэтах, у тым ліку для збору вашых звестак. Будзьце ўважлівыя: доступ на сайт petitions.by не будзе бяспечным у выпадку, калі яго паспрабуюць аднавіць ці выкарыстаць ад нашага імя».
Дамен e-petitions.by працягне працаваць. Найбліжэйшым часам яго гаспадары абяцаюць набыць новы дамен за межамі зоны .by і зрабіць яго асноўным.
Пакуль гэта не зроблена, стваральнікі petitions.by і e-petitions.by раяць не заходзіць на petitions.by і выдаліць усе паведамленні, атрыманыя з гэтага сайту, а сувязь трымаць праз правераныя каналы сэрвісу ў сацыяльных сетках і не пераходзіць праз сумнеўныя спасылкі, у якіх фігуруе адрас petitions.by.
Надоечы сайт petitions.by і яго ўліковыя запісы ў Instagram, Facebook, Telegram і Telegram-чат «Клуб Комментаторов Petitions.by» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сайт быў заблакаваны ў Беларусі з 2021 года, бо, паводле Міністэрства інфармацыі, на ім збіралі подпісы пад петыцыямі «пратэснага характару» і петыцыямі, што змяшчаюць інфармацыю, якая дыскрэдытуе ўлады.
«Найбліжэйшым часам да прадукцыі ўсёй сеткі «петыцыяў», а таксама асобаў, адказных за кантэнт і дзейнасць, будуць прынятыя меры ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», – заявіў ГУБАЗіК напрыканцы мінулага года.
На платформе «Petitions.by. Удобный город» рэгулярна ствараліся петыцыі для вострых праблемаў, якія хвалююць жыхароў Беларусі. Пасля таго як зварот набіраў патрэбную колькасць подпісаў, ён адпраўляўся ў адпаведныя дзяржаўныя органы. Гэтак, жыхары Хойніцкага раёну 14 кастрычніка летась стварылі на платформе петыцыю з просьбаю да ўладаў абараніць іх і асабліва іхных дзяцей ад беспілотнікаў, што ўсё часцей залятаюць на тэрыторыю Гомельскай вобласці.
Марыя Міхалевіч belsat.eu