навіны

Пратэсты ў Сербіі. Праз два месяцы маўчання прэзідэнт дае тлумачэнні

«Карупцыя забівае, і ніхто за гэта не адказвае». Пад такімі лозунгамі другі месяц праходзяць акцыі пратэсту ў Сербіі.

Больш за 25 гадоў Сербія не перажывала такіх масавых пратэстаў. Другі месяц запар не сціхаюць маніфестацыі ў буйных гарадах краіны. Нагодаю для іх была трагедыя на чыгуначным вакзале ў горадзе Нові Сад. 1 лістапада ў толькі што адноўленым вакзале абваліўся бетонны дах. У выніку абвалу загінулі 14 чалавек.

,,

«Выпадак на вакзале ў Новім Садзе паказаў, як у Сербіі рэалізуюцца інвестыцыі. Па-першае, маем моцныя карупцыйныя схемы. Па-другое, кантракты на рэалізацыю публічных інвестыцыяў не робяцца праз адкрытыя конкурсы, а іх атрымліваюць асобы ці фірмы, набліжаныя да ўлады. А па-трэцяе, галоўнае пытанне – гэта ўзровень незалежнасці кантрольных органаў», – кажа Марта Шпала, аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў.



Сербскія ўлады гадамі знішчалі незалежнасць розных інстытуцыяў, якія займаюцца інспектаваннем будаўнічых працаў. Калі ўлады зацікаўленыя ў пэўных інвестыцыйных праектах, то там няма ніякіх інспекцыяў. Датычыць гэта і замежных інвестыцыяў. Рамонт таго ж вакзалу ў Новім Садзе быў праектам, звязаным з Кітаем.
,,

«Гэтая мадэрнізацыя была элементам большага інвестыцыйнага праекту мадэрнізацыі чыгункі Бялград – Будапэшт. А насамрэч гэта сетка сувязі паміж грэчаскім портам Пірэй і Цэнтральнай Еўропай, што мусіць зрабіць магчымым для Кітаю хутчэйшы і таннейшы экспарт прадуктаў у краіны Еўрапейскага Звязу», – дадае Марта Шпала.


Трагедыя ў Новім Садзе зрабілася сімвалам таго, што падыход да кіравання дзяржаваю пагражае бяспецы грамадзянаў. У авангардзе пратэстаў сталі студэнты, якія «акупуюць» універсітэты. Але пратэстоўцы таксама блакуюць дарогі і дзяржаўныя ўстановы, грамадскае тэлебачанне і пракуратуру. Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч спачатку абвінаваціў студэнтаў у тым, што яны распачалі пратэсты дзеля грошай, але пазней заявіў, што выканаў іхныя патрабаванні, у тым ліку апублікаваў дакументацыю, якая тычыцца рамонтных працаў на станцыі Нові Сад.

,,

«Узніклі абвінавачанні адносна ўтойвання дакументацыі, яе фальсіфікавання, знікнення, аднясення яе да сакрэтных матэрыялаў і хавання падзеяў, якія адбыліся ў Новім Садзе. Вось, гэта запыт, у якім гаворыцца: «Зрабіць агульнадаступнымі кантракты, звязаныя з рэканструкцыяй чыгуначнага вакзалу ў Новім Садзе», – зазначыў прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч.


Доўгія гады ўлада спрабавала пераканаць грамадства, што яно не мусіць цікавіцца палітыкай, бо гэта брудная справа. Але грамадства дэманструе, што яно стамілася не толькі ад карупцыі, але і ад сваёй пасіўнасці. А Лукашэнка прадэманстраваў іншым аўтарытарным уладарам, што пратэсты можна перачакаць, паралельна брутальна рэпрэсуючы найбольш актыўную частку грамадства. Хіба такі шлях і абраў Александар Вучыч.

Аднак Сербія мае і іншы досвед. У 1997 годзе таксама былі вялікія пратэсты студэнтаў, якія стварылі рух «Отпор!». У выніку праз тры гады сябра Лукашэнкі Слабодана Мілошэвіча ўдалося зрынуць. Але для змены аўтарытарных царкоў трэба ўвага Захаду, а Еўразвяз талеруе кіраванне Вучыча і ягонага клану.

Поўнае выданне:

Наста Ільіна, belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10