У Акруговым судзе Варшавы адбыліся спрэчкі бакоў у справе Дор'яна С., абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы. Пракуратура запатрабавала для фігуранта пажыццёвага зняволення, перадае карэспандэнт «Белсату». Суд агучыць вырак 17 студзеня.
Бок абвінавачання ў справе Дор'яна С. запатрабаваў для маладзёна пажыццёвага зняволення, а таксама выплаты кожнаму пацярпеламу 200 тысячаў злотых (у пераліку каля 48 тысячаў долараў). Пацярпелымі прызнаныя хлопец Лізы і ейная сям'я.

Пры гэтым, як абвесціў суддзя, адвакаты фігуранта выказалі сумнеў у высновах экспертаў, якія пастанавілі, што Дор'ян С. у стане свядомасці і можа браць удзел у судовых паседжаннях. Абарона абвінавачанага прасіла правесці новы судовы разбор, аднак гэтае хадайніцтва было адхіленае, перадае карэспандэнт «Белсату».
Суд прыйшоў да высновы, што доказаў хапае, каб вынесці вырак. Прысуд паведамяць на наступным, апошнім паседжанні, якое адбудзецца 17 студзеня.
Сённяшняе паседжанне прайшло за закрытымі дзвярыма, бо гучалі дэталі персанальнага жыцця трэціх асобаў. Частку працэсу, калі будуць выносіць прысуд, таксама закрыюць ад публікі.
Раней Дор'ян С. часткова прызнаў віну. Ён пацвердзіў, што згвалтаваў дзяўчыну, але запэўніў, што забіваць яе не хацеў.
Злачынства ў цэнтры Варшавы адбылося ў ноч на 25 лютага. Паводле следства, Дор'ян С. згвалтаваў беларуску і намагаўся яе задушыць. Дзяўчыну шпіталізавалі ў крытычным стане, праз шэсць дзён яна памерла. Лізу пахавалі на Паўночных могілках Варшавы. Забойства беларускі зрабілася для польскага і беларускага грамадства нагодаю, каб ізноў узняць пытанні жаночай бяспекі.
Дар’я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu