Тут у нас працяг нашай «Санта-Барбары» – серыялу пра вытворчасць у Беларусі электрамабіляў.
Нагадаем змест папярэдняй серыі. У жніўні 2024-га сам Лукашэнка, наш Ілан Маск, запатрабаваў выйсці на серыйную вытворчасць электрамабіляў да першага студзеня 2025-га года. І вось гэтая гадзіна надышла! Дзе?
Не было б пра што казаць, калі б на гэтым тыдні кіраўнік заводу «БелДжы» не выхваляўся ўласнымі поспехамі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Але! На пытанне пра электрамабілі неяк замяўся, спрабаваў унікнуць адказу, перавесці тэму і ўрэшце выдаў.
Па-першае, ён саскочыў з абавязанняў і пра серыйную вытворчасць, і пра 1 студзеня. Цяпер гэта гучыць як доследна-прамысловая партыя (цікава – гэта колькі?) і на працягу 2025-га года. Але галоўнае не ў гэтым. Самае характэрнае сцверджанне гучыць так:
,,«Хацелася б верыць, што EX 50 выйдзе на акупнасць».
То бок акупнасць, прыбытковасць – гэта не прадмет разлікаў, планавання, гэта прадмет веры. Вы верыце? Ідзе сёмы год як электрамабілі мусяць баразніць дарогі Беларусі, але аўтамабіля не проста няма, а няма і ўяўлення, як жа зрабіць яго акупным, няма ніякіх разлікаў.
На даручэнні Лукашэнкі проста забіваюць. І нічога, усе на сваіх месцах, у сваіх крэслах – і міністры, і акадэмікі і дырэктары заводаў. Як калі-небудзь хто-небудзь скажа вам, што ў Беларусі хоць і дыктатура, але парадак, успомніце электрамабіль. Дыктатура – так, ёсць, а вось парадку няма. Пры Сталіне, пэўна, гэтых хлопцаў расстралялі б, як думаеце?
Глядзіце ў поўным выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:
- Урад паабяцаў беларусам рэзкае зніжэнне тэмпаў росту даходаў
- «Гаманцы» Лукашэнкі сабраліся манапалізаваць рынак вэйпаў і электронных цыгарэтаў.
- Вырасла адмоўнае сальда вонкавага гандлю