Участкаў для галасавання за мяжою не будзе, бо на іх немагчыма гарантаваць бяспекі, заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.
Заяву старшыні ЦВК Ігара Карпенка паказалі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ.
,,«Беларусь, як вы ведаеце, не стварае ўчасткаў для галасавання за мяжою. Гэтая норма ўжо выкарыстоўвалася ў нас і на рэферэндуме, і ў адзіны дзень галасавання. Гэта абумоўлена адсутнасцю захадаў бяспекі на ўчастках, якія раней утвараліся на тэрыторыі іншых дзяржаў, а таксама скарачэннем колькасці работнікаў дыпламатычнага корпусу ў некаторых краінах», – сказаў Ігар Карпенка.
Старшыня ЦВК адзначыў, што на выбарах у 2020 годзе ўзялі ўдзел толькі 0,3 % грамадзянаў ад агульнай колькасці выбарнікаў па краіне, залучаных у спіс, то бок 18 455 чалавек.
Таксама Ігар Карпенка заявіў, што ў Беларусі створаныя ўмовы для арганізацыі галасавання грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія стала жывуць за мяжой і застаюцца на консульскім уліку. Такія грамадзяне здолеюць прагаласаваць на адным з шасці участкаў у Менску і пяці абласных цэнтрах.
Нагадаем, што падчас правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму ў 2022 годзе ўлады таксама не адкрывалі ўчасткаў за мяжою, тлумачачы гэта «невялікаю колькасцю грамадзянаў на консульскім уліку». Тады прэс-сакратар МЗС адзначыў, што гэта менш за 1 %.
У той жа час сацыёлаг Генадзь Коршунаў яшчэ ў траўні 2024 года адзначаў, што з краіны з’ехалі найменей 500–600 тысяч беларусаў.
Раман Шавель belsat.eu