Цяжарную жанчыну затрымалі на мяжы, калі яна вярталася ў Беларусь, а дыпламатаў з Японіі не пусцілі на суд над японцам Наканісі Масатосі. Падрабязней пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.
Цяжарную беларуску затрымалі на мяжы нібыта за абразу міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова.
«Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчына ў 2020-м пакінула абразлівыя каментары на адрас міністра ўнутраных спраў Кубракова. Пасля гэтага яна з'ехала ў Літву.
За мяжой жанчына зацяжарыла і вырашыла вяртацца на радзіму.
Як толькі яна перасякла мяжу, яна была затрыманая», – паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Дыпламатаў Японіі не пусцілі на суд над палітзняволеным японцам Наканісі Масатосі.
Амбасада Японіі прасіла ў беларускіх уладаў дазволіць назіраць за судовым працэсам, але просьба была адхіленая. Дыппрадстаўніцтва заявіла, што «працягне прымаць адпаведныя меры для абароны японскіх грамадзян».
Наканісі Масатосі – грамадзянін Японіі. Яго затрымалі ў ліпені 2024 года нібыта за тое, што ён «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару». Пра гэта распавяла дзяржаўная прапаганда.
Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся 10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасць»). Працэс у закрытым рэжыме прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 чалавекі 11 студзеня. Цяпер у ім 4848 прозвішчаў.
Сярод іншых, у спіс дадалі магілёўскага фаната Сяргея Ціханава, IT-спецыяліста Чэслава Герасімовіча, асуджаную за салідарнасць Таццяну Сцёпу.
Арсен Рудэнка belsat.eu