Расейская авіяцыя ўдарыла па інтэрнаце, дзе знаходзіліся пажылыя людзі ў горадзе Суджа Курскай вобласці 11 студзеня. Адна жанчына памерла. Пра гэта паведамляе прэс-афіцэр вайсковай камендатуры на тэрыторыі Курскай вобласці Аляксей Дзмітрашкіўскі, піша «РБК-Украіна».
«Расейская авіяцыя нанесла два авіяцыйныя ўдары ў раён інтэрната горада Суджы. У выніку жанчына атрымала ірваную рану рукі. Па стане на раніцу дадзеная жанчына памерла», – сказаў Аляксей Дмітрашкіўскі.
У інтэрнаце знаходзілася 70 чалавек, у тым ліку шмат людзей з інваліднасцю, дадаў ён. Памяшканне моцна пацярпела.
«Паўстала пытанне, куды перамясціць гэтых людзей. Людзі ўсе сталага ўзросту, вельмі шмат людзей, якія маюць інваліднасць, хвароба Паркінсана, пасляінсультныя, адзін чалавек з псіхічным захворваннем. Гэта значыць стан людзей на гэты момант досыць цяжкі», – сказаў Дзмітрашкіўскі.
Горад Суджа ў Курскай вобласці Расеі занялі ўкраінскія войскі. Усяго на тэрыторыі Расеі, якая кантралюецца Украінай, знаходзіцца блізу 2 тысяч чалавек, распавёў Дзмітрашкіўскі.
Арсен Рудэнка belsat.eu