Міністэрства замежных справаў Афганістану, дзе кіруе «Талібан», адсправаздачылася аб візіце намесніка кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Лукашэвіча. Госця прыняў Аль-Хадж Шэр Мугамад Абас Станэкзай, залучаны ў «тэрарыстычны пералік» КДБ.
«На сустрэчы абмяркоўваліся эканамічная і палітычная інтарэсы, а таксама магчымасці ўзаемнай супрацы паміж Афганістанам і Беларуссю», – паведамляецца на сайце ісламскай рэспублікі.
Намеснік міністра замежных справаў Афганістану Аль-Хадж Шэр Мугамад Абас Станэкзай, які сустрэўся з беларускім калегам Сяргеем Лукашэвічам, назваў перамовы «добрым пачаткам для развіцця доўгатэрміновай супрацы».
Лукашэвіч са свайго боку запэўніў, што беларускі ўрад хоча наладжваць супрацу з Афганістанам «у розных галінах».
Чыноўнікі дамовіліся працягнуць дыялог праз тэхнічныя групы ў Менску і Кабуле дзеля «далейшага ўмацавання і пашырэння сфераў супрацы».
У публікацыі МЗС Афганістану Лукашэвіча назвалі «Mr. Luka Shchavich».
Міністэрства замежных справаў пра гэтыя перамовы нічога не паведаміла.
Аль-Хадж Шэр Мугамад Абас Станэкзай знаходзіцца пад санкцыямі Рады Бяспекі ААН, а таксама залучаны ў пералік «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», што складае КДБ Беларусі.
«Талібан» вярнуўся да ўлады ў Афганістане ў 2021 годзе пасля вываду амерыканскіх войскаў. У некалькіх краінах, у тым ліку ў Расеі, арганізацыю прызналі тэрарыстычнай. Зрэшты, талібы ўжо не аднойчы наведвалі Расею апошнім часам, там, падобна, хутка скасуюць гэты статус для «Талібану». У лістападзе летась у Дзярждуму ўнеслі законапраект, што ў выпадку ўхвалення дазволіць гэта зрабіць.
«Талібан» быў забароненым і ў Казахстане, аднак у чэрвені летась прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў абвесціў, што арганізацыю выкраслілі з пераліку тэрарыстаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu