Цяжарную беларуску, якая ехала на радзіму з Літвы, затрымалі на мяжы нібыта за абразу міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
«Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчына ў 2020-м пакінула абразлівыя каментары на адрас міністра ўнутраных спраў Кубракова. Пасля гэтага яна з'ехала ў Літву.
За мяжой жанчына зацяжарыла і вырашыла вяртацца на радзіму. Як толькі яна перасекла мяжу, яна была затрыманая», – піша «Вясна».
Праверкі сілавікоў на мяжы ўжо сталі звычайнай практыкай у Беларусі. Людзей здымаюць з аўтобусаў, адводзяць на размовы і распытваюць, дзе чалавек быў, чым займаецца, чаму паехаў за мяжу, а таксама правяраюць тэлефоны.
Паводле «Вясны» з пачатку 2024 года па сярэдзіну верасня 2024 года па вяртанні з-за мяжы было затрымана мінімум 55 чалавек, супраць 17 з іх былі заведзеныя крымінальныя справы. Лічбы могуць быць большыя, бо доступ да звестак у праваабаронцаў абмежаваны.
Правяраюць на мяжы і замежнікаў. Часцей за ўсё грамадзян Украіны.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што небяспечна ехаць у Беларусь, калі вы ўдзельнічалі ў пратэстах, рабілі данаты ініцыятывам, якія ўлады лічаць непажаданымі, пакідалі ў інтэрнэце каментары і падтрымлівалі палітвязняў.
Арсен Рудэнка belsat.eu