Напярэдадні Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ўкраінцы ўзялі ў палон двух паўночнакарэйскіх жаўнераў у Курскай вобласці Расеі. 12 студзеня гэта пацвердзіла выведка Паўднёвай Карэі.
«Двое жаўнераў, якія былі параненыя, але выжылі, былі дастаўленыя ў Кіеў, размаўляюць са следчымі СБУ. Гэтае заданне было няпростае: звычайна расейцы і іншыя вайскоўцы з Паўночнай Карэі дабіваюць сваіх параненых і робяць усё, каб не захавалася доказаў удзелу яшчэ адной дзяржавы – Паўночнай Карэі – у вайне супраць Украіны», – напісаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.
Ён даручыў Службе бяспекі Украіны пусціць журналістаў да палонных, бо «свет мае ведаць, што адбываецца».
Да допыту жаўнераў з КНДР прыцягнулі прадстаўнікоў выведкі Паўднёвай Карэі. Сёння ведамства пацвердзіла, што гэта насамрэч паўночнакарэйскія вайскоўцы, перадае «France 24».
Адзін з іх сказаў, што ў Расею трапіў толькі для навучання, але не для ўдзелу ў вайне.
Ён таксама заявіў, што паўночнакарэйскія сілы «панеслі істотныя страты» ў баях.

У аднаго з палонных знайшлі вайсковы білет на імя расейскага грамадзяніна, нарадзінца Тывы Антаніна Аранчына. Выданне «Агентство» пацвердзіла, што такая асоба насамрэч існуе: з такімі персанальнымі звесткамі ў Расеі жыве толькі адзін чалавек.
Паводле інфармацыі з неафіцыйных базаў, у 2020 годзе Аранчын працаваў у лясніцтве, а ў 2023 годзе ў заяве на крэдыт пазначаў, што працуе ахоўнікам у краме. Звязацца з мужчынам у журналістаў не атрымалася.

Раней выведка Рэспублікі Карэя паведамляла, што вайскоўцам з КНДР выдаюць у Расеі падробленыя дакументы.
Паводле сцверджанняў Украіны, ЗША і Паўднёвай Карэі, Пхеньян выправіў у расейскае войска больш за 10 тысячаў жаўнераў. За гэта Крэмль дзеліцца з КНДР касмічнымі і спадарожнікавымі тэхналогіямі, казаў кіраўнік Дзярждэпу Энтані Блінкен.
Сцяпан Кубік belsat.eu