навіны

Ужо тыдзень колькасць аўтаў у чарзе на выезд у Польшчу перавышае 2000

img
Аўтавакзал «Варшава Заходняя». 29 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Велізарная чарга ў адзіным адкрытым пункце пропуску на мяжы Беларусі з Польшчаю ўтварылася 3 студзеня, калі колькасць легкавікоў перавысіла 1000. 5 студзеня аўтаў у чарзе паболела ўдвая, і дасюль у ёй больш за 2000 машынаў.

За апошнія 24 гадзіны з Беларусі ў Польшчу выехалі 535 легкавых аўтаў, паведамляе «Белмытсервіс», які адказны за электронную чаргу ў Берасці. Раніцою ў пункт пропуска выклікаюць тых, хто зарэгістраваўся ў ёй апоўдні 8 студзеня, такім чынам, час чакання – амаль чацвёра содняў. На ўласна мінанне мяжы праз беларускі і польскі кантроль патрабуецца яшчэ каля 5 гадзінаў, сведчаць у профільных Telegram-каналах.


Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 8 раніцы, выезду ў Польшчу чакаюць 2055 аўтаў.


Чарга ў Берасці пачала імкліва расці 3 студзеня, павялічыўшыся да 1080 легкавікоў. 5 студзеня іх колькасць вырасла да 2050, і з таго дня ніжэй за 2000 не апускалася.

Пасадка ў аўтобус «Варшава – Менск» на вакзале «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 8 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Як беларусы вяртаюцца з Польшчы: чэргі на мяжы, спазненні аўтобусаў і дадатковыя грошы

Рэпартаж

З аўтобусамі цяпер істотна лягчэй: у чарзе іх 25, хаця на піку 6 студзеня іх было ажно 116. Як напісалі некалькі падарожнікаў, якія пераселі ў пяты аўтобус ад шлагбаума, мяжу яны «праляцелі» за 6,5 гадзіны. За перасадку бяруць 50 еўраў.


Цяпер у пункт пропуска выклікаюць аўтобусы, што прыехалі ў Берасце ўначы.


У Тэрэспалі ў бок Беларусі – пуста.


Таксама няма чэргаў у «Каменным Лозе» і «Беняконях» на мяжы з Літвою, што ў адзін, што ў другі бок. Аўтобусы праходзяць афармленне ў абодвух кірунках менш за 2 гадзіны.


У «Грыгароўшчыне» на мяжы з Латвіяй таксама пуста, на ўсё пра ўсё патрабуецца не больш за паўтары гадзіны. Некаторым пашчасціла аформіцца і за 20 хвілінаў.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10