навіны

Расейскі гісторык Тамара Эйдэльман пачала серыю відэа па гісторыі Беларусі

Вокладка з бела-чырвона-белым сцягам для відэа, якое выйшла на канале Тамары Эйдэльман. Першапачаткова сцяг на фоне быў чырвона-зялёным. Фота: скрыншот з відэа Tamara Eidelman / YouTube
Вокладка з бела-чырвона-белым сцягам для відэа, якое выйшла на канале Тамары Эйдэльман. Першапачаткова сцяг на фоне быў чырвона-зялёным. Фота: скрыншот з відэа Tamara Eidelman / YouTube
podpis źródła zdjęcia

Вядомы расейскі гісторык Тамара Эйдэльман зрабіла відэа па гісторыі Беларусі. У каментарах пачалася бура. Але не з нагоды кантэнту, а з нагоды чырвона-зялёнага сцяга на вокладцы. 

Тамара Эйдэльман, вядомая тым, што робіць на ўласным YouTube-канале відэа, прысвечаныя расейскай гісторыі, вырашыла зрабіць серыю выпускаў, прысвечаных гісторыі Беларусі.

«Сёння я пачынаю выконваць абяцанне, якое шмат разоў давала ў розных месцах розным людзям: мы пачынаем курс па гісторыі Беларусі», – пачала свой выпуск Тамара Эйдэльман.

У першай частцы «Беларусь. Пачатак» Эйдэльман пачала апавяданне з хрэстаматыйнай гісторыі пра княгіню Рагнеду і сватаўство да яе князя Уладзіміра. Яна закранула таксама пытанне пра тое, ці былі жыхары Старажытнай Русі адным народам, паразмаўляла пра сувязь Полацкага княства з героямі ісландскіх саг і спынілася на гісторыі пра Андрэя Альгердавіча, старэйшага сына князя Альгерда.

,,

«Расейка зрабіла відэа пра гісторыю Беларусі для расейцаў (нават някепскае, Сагановіч тое ж самае піша). Што Полацкае княства было асабняком ад Кіева і Ноўгарада, свая дынастыя, іншы шлях шмат у чым. Карацей, многія расейцы могуць здзівіцца. Я адкрыў, бо зацікавіла клікбэйтная вокладка. Але пакуль даглядзеў, яе замянілі, бо разбудзілі звера ў каментарах», – напісаў у сваім акаўнце ў Facebook журналіст Дзмітрый Гурневіч. 


Сапраўды, відэа спачатку выйшла на канале з вокладкай на фоне чырвона-зялёнага сцяга. І гэта выклікала вялікую колькасць каментароў пад відэа, у якім карыстальнікі пісалі пра недапушчальнасць выкарыстання гэтага сцяга:

«Асабіста для мяне гэта сімвал гвалту і рэпрэсіяў, пасля 2020 не магу нармальна яго ўспрымаць без агіды», «Дзякуй, канечне, за відэа, але сцяг на вокладцы… Гэта як паставіць на відэа пра расказ пра Маскоўскае княства сцяг РСФСР. Стаўце або нацыянальны сцяг, або прыбярыце ўвогуле, калі ласка».

Вокладка пад якой першапачаткова з'явілася на канале. Фота: Tamara Eidelman / YouTube
Вокладка пад якой першапачаткова з'явілася на канале. Фота: Tamara Eidelman / YouTube

У выніку чырвона-зялёны сцяг на вокладцы быў зменены на бела-чырвона-белы. Хаця, з іншага боку, з’явіўся каментар пра тое, што зараз такім відэа будзе немагчыма падзяліцца ўнутры Беларусі. 

На канале ў Тамары Эйдэльман 1 мільён 75 тысячаў падпісантаў. За сем гядзін 11 студзеня відэа пра Беларусь праглядзелі ўжо больш за 60 тысяч чалавек, што ў некалькі разоў пераўзыходзіць аўдыторыю, якая звычайна праглядае відэа па беларускай гісторыі. Гэта можа сведчыць у першую чаргу пра тое, што да прагляду далучылася расейская аўдыторыя сталых падпісантаў Тамары Эйдэльман. 

Два дні таму стала вядома, што Тамару Эйдэльман прызналі ў Расеі іншаземным агентам. Звычайна ў гэты спіс трапляюць людзі, якія нібыта атрымліваюць падтрымку з-за мяжы або знаходзяцца пад іншаземным уплывам у іншых формах. 

Раман Шавель belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10