навіны

Пад Гомлем быў чутны выбух: верагодна, гэта быў «Шагэд»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: mil.in.ua
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: mil.in.ua
podpis źródła zdjęcia

Гукі выбуху мясцовыя жыхары пачулі яшчэ некалькі дзён таму, але магчымыя тлумачэнні з’явіліся толькі цяпер. 

Выбух было чуваць у Навабеліцкім раёне Гомля 8 студзеня каля 2-й гадзіны ночы, паведамляюць крыніцы выдання «Флагшток». Адна з іх сцвярджае, што гэта была серыя выбухаў, дзве іншыя – чулі адзіночныя выбухі. Гукі, як кажуць крыніцы, даносіліся з поўдня Гомлі, але ані полымя, ані слядоў гарэння ніхто з іх не ўбачыў.

,,

«Бабах моцны быў з боку лесу на поўдзень ад Гомлі. Абышла вакол і паглядзела, ці не прыляцеў зноў “Шагэд” у Беліцу. Муж таксама чуў выбух. Але водбліскаў не было ані ў Беліцы, ані ў горадзе. Думала, у Зябраўку прыляцела», – паведаміла чытачка выдання.


Пра сувязь выбухаў з падзеннем дрона можа сведчыць тое, што, паводле ўкраінскага маніторынгавага каналу «Ринда моніторить», 8 студзеня ў 1:43 па менскім часе тэрыторыю Беларусі перасёк ударны беспілотнік. Ён рухаўся з Бранскай вобласці РФ у кірунку населенага пункту Кругавец-Калініна. 

Траекторыя палёту беспілотніка 8 студзеня 2025 года. Фота: Флагшток
Траекторыя палёту беспілотніка 8 студзеня 2025 года. Фота: Флагшток

Выданне звязалася з адным са спецыялістаў маніторынгавага канала, які адзначыў што ўкраінскія сродкі кантролю паветранай прасторы зафіксавалі перасячэнне мяжы беспілотнікам у раёне памежнага пераходу «Тры сястры» (на мяжы паміж Беларуссю, Украінай і Расеяй), пасля гэтага дрон даляцеў да Церахаўкі, пасля чаго ягоны сігнал быў страчаны.

Аўтары выдання робяць выснову, што калі ўлічваць хуткасць палёту «Шагэдаў», якая складае ў сярэднім 140–180 км/г, то цалкам магчыма, што дрон мог дасягнуць паўднёвых ускраінаў Гомлі і там па нейкіх прычынах упасці, пры гэтым здэтанаваўшы.

Абноўлена. Маніторынгавы канал «Беларускі Гаюн» атрымаў дадатковыя пацвярджэнні, што ноччу 8 студзеня пад Гомлем адбыўся выбух «Шагэда», які, верагодна, быў збіты сістэмай СПА Узброеных сіл Расеі.

Згодна з наяўнымі звесткамі, выбух адбыўся а 02:02 ночы ў раёне аэрадрома «Зябраўка». У гэты момант у небе была зафіксавана кароткачасовая ўспышка.

Па актуальнай інфармацыі, найбольш верагодна, што ў названы час расейскі беспілотнік, які заляцеў з боку Бранскай вобласці і накіроўваўся ў бок аграгарадка Кругавец-Калініна, працягнуў палёт у бок Гомеля. Там ён быў збіты, хутчэй за ўсё, падраздзяленнем 1530-га зенітнага ракетнага палка Узброеных сіл Расеі, якое базуецца на аэрадроме «Зябраўка».

Нагадаем, што ў снежні ў Беларусь зайшлі ўсяго 145 расейскіх дронаў. Агулам жа цягам году іх было зафксавана 395 – гэта рэкордная колькасць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Асабліва актывізаваліся расейскія «Шагэды» над тэрыторыяй Беларусі ўвосень 2024 года. У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівае беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў ваколіцах Гомлю ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было.

Жыхары Хойніцкага раёну 14 кастрычніка стварылі на сайце petitions.by петыцыю з просьбай да ўладаў абараніць іх і асабліва іхных дзяцей ад беспілотнікаў, якія ўсё часцей залятаюць на тэрыторыю Гомельскай вобласці.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10